Сябры выбарчай камісіі ўчастку №1 Цэнтральнага раёну Менску, што месьціцца ў будынку Акадэміі фізвыхаваньня, зь нецярпеньнем чакалі свайго выбарца №1. Аднак ніякага ажыятажу ў арганізацыі галасаваньня, ахове памяшканьня, як звычайна тут бывае, сёньня не было бачна. Гаворыць старшыня ўчастковай камісіі Аляксандар Коньнікаў:
(Коньнікаў: ) “Я сёньня чуў па радыё, што ён павінен прыляцець і будзе галасаваць. Тут у нас рэпрадуктар усталяваны. Але асабіста мне ніхто нічога не паведамляў. Звычайна, калі ён прыяжджаў галасаваць раніцай, то зь вечара да нас прыяжджалі зь ягонай адміністрацыі. Хаця раней, яшчэ да пачатку датэрміновага галасаваньня, з адміністрацыі прыяжджалі па інфармацыю пра кандыдатаў, і мы гэтую інфармацыю аддалі”.
У сьпісе выбарцаў тут значацца пяць чалавек з прозьвішчам Лукашэнка, якія жывуць у Драздах, але ні датэрмінова, ні сёньня да вечара ніхто зь іх на ўчастку не зьявіўся. Хаця ў іх, у адрозьненьне ад большасьці грамадзянаў, быў выбар: у акрузе балятуюцца прадстаўнікі БСДП “Народная грамада”, АГП і рэктар Акадэміі фізвыхаваньня. Дарэчы, рэктар мае тут відавочную перавагу: усе сябры ўчастковай камісіі — ягоныя падначаленыя, яны працуюць у акадэміі, у тым ліку і старшыня камісіі Коньнікаў, які зьяўляецца загадчыкам катэдры лёгкай атлетыкі.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што А.Лукашэнка праігнараваў выбары:
(Ярмошына: ) “Гэта паказчык таго, што ён даў поўную самастойнасьць мясцовым органам самакіраваньня самім абірацца. Ён рэдка бывае ў адпачынку, ён такі ж грамадзянін, як і ўсе грамадзяне Беларусі, так склаліся абставіны”.
Са спадарыняй Ярмошынай ня згодны лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:
(Статкевіч: ) “Тое, што краўнік нашай дзяржавы дэманструе непавагу да дэмакратыі, то гэтай зьяве ўжо шмат гадоў. Увогуле ўдзел кіраўніка дхзяржавы ў галасаваньні носіць у нейкай ступені сымбалічны характар у нармальнай дэмакратычнай краіне, ён сапраўды дэманструе важнасьць працэдуры выбару народам яго прадстаўнікоў . Але ў сувязі з тым, што дэмакратыя ў нашай краіне не паважаецца, таму ягоны няўдзел у галасаваньні, можа, нават падсьвядома дэманструе рэальны стан нашай дэмакратыі, стаўленьне да гэтага. Машына фальсыфікацыяў працуе, а яе арганізатар адпачывае”.
На думку аднаго зь лідэраў АГП Аляксандра Дабравольскага, усё тлумачыцца тым, што спадар Лукашэнка сам прызначае “вэртыкаль”, якая мае рэальную ўладу ў рэгіёнах. Мясцовыя ж саветы ня маюць улады, таму і не цікавяць яго.