Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯДЗЕЛЯ СТАЛАСЯ ПРАЦОЎНЫМ ДНЁМ ДЛЯ НАСТАЎНІКАЎ ВІЦЕБСКІХ ШКОЛ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў віцебскіх школах, дзе месьціцца вялікая колькасьць выбарчых участкаў, наладжанае бесьперапыннае дзяжурства настаўнікаў. Калі выбарчая камісія лічыць, што актыўнасьць выбарцаў недастатковая, настаўнікі мусяць выпраўляцца па навакольным мікрараёне ды запрашаць людзей прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. Кожны шараговы настаўнік, хаця ён ня ёсьць сябрам выбарчае камісіі, мусіць аддзяжурыць такім чынам 3 гадзіны. Гарадзкая выбарчая камісія ведае пра незаконнае прыцягненьне да працы на выбарах гэтак званых "добраахвотных агітатараў" зь ліку настаўнікаў, аднак нічога ня робіць супраць.

Яшчэ адна скарга паступіла ў гарадзкую выбарчую камісію з тае нагоды, што сёньня ў Індустрыяльнай выбарчай акрузе былі распаўсюджаныя агітацыйныя ўлёткі “кандыдата ад уладаў” Валера Мясаедава, што ёсьць парушэньнеі тэрміну агітацыйнае кампаніі. Улёткі былі вырабленыя на ксэраксе ды ня мелі выходных зьвестак. Аднак у адказ на скаргу сябры камісіі заявілі, што гэтае парушэньне яшчэ ня ёсьць падставаю, каб пазбаўляць чалавека кандыдацкага мандату.

Шмат скаргаў незалежных назіральнікаў тычыцца парушэньняў непасрэдна на ўчастках для галасаваньня. Найбольш часта пра гэта паведамляюць з рэгіёнаў. Да прыкладу, у райцэнтры Гарадок назіральнікам забаронена прысутнічаць пры галасаваньні па месцы жыхарства, між тым як у сьпісах старых ды нямоглых людзей, якія хочуць прагаласаваць дома, выяўлена шмат ужо памёрлых асобаў, або тых, хто пераехаў. На пераважнай большасьці ўчасткаў месцы для назіральнікаў абсталяваныя нязручна – занадта далёка ад камісіі, так што пачуць, якія зьвесткі ўжо падсумаваныя, назіральнікі ня могуць. У праве атрымаць зьвесткі афіцыйна назіральнікам звычайна адмаўляюць.

А яшчэ шмат скаргаў ад імя незалежных назіральнікаў, кандыдатаў ды іхных давераных асобаў накіравана ў Цэнтарвыбаркам ды міжнародныя праваабарончыя арганізацыі з нагоды парушэньняў, зафіксаваных падчас датэрміновага галасаваньня, якое завяршылася ўчора. Аўтары гэтых скаргаў патрабуюць прызнаць вынікі датэрміновага галасаваньня несапраўднымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG