Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Сымбаль веры”. 1 сакавіка

Ці можна ўсёй сям’ёй сысьці ў манастыр? Адказаць на гэтае пытаньне можа кожны, нават ня вельмі абазнаны ў царкоўных справах, чалавек – вядома, не, манахі на ўсё жыцьцё адмаўляюцца ад сям’і. І ня будзе мець рацыі. У наступнай перадачы “Сымбаль веры” бярэ ўдзел настаяцель законнага дому Шэмэн Нэф у Чэхіі, айцец Каміл Новак. Шэмэн Нэф (або Новая Дарога) – адзіная ў сьвеце каталіцкая арганізацыя, у законных дамах якой манаскім жыцьцём могуць жыць і сем’і зь дзецьмі.


“Вострая брама”. 2 сакавіка

Апошнія апытаньні грамадзкае думкі ў Беларусі выявілі, што большасьць беларусаў выступаюць за эўрапейскую інтэграцыю краіны. Пры гэтым людзі маюць на ўвазе ня столькі эканамічныя або палітычныя выгады – пра гэта гаварыць яшчэ рана – колькі цывілізацыйны выбар: "Жыць як у Эўропе" – гэта значыць – "ня жыць пры Сталіне". Трэцяга выбару няма. Або стаяць на месцы сярод рудымэнтаў сталінізму, або рухацца да эўрапейскае інтэграцыі. Каб назаўсёды разьвітацца з такой зьявай, як "вахцёрская ўлада", калі пакупнік існуе для прадаўца, а не наадварот, калі жыхары існуюць для начальніка ЖЭСа, а вулічныя мінакі – для міліцыянтаў, калі народ існуе для прэзыдэнта, а не наадварот... "Вахцёрская ўлада" – так называецца новая перадача ў сэрыі "Вострая Брама", што прымеркаваная да 50-х угодкаў сьмерці Іосіфа Сталіна.


“Праскі акцэнт”. 2 сакавіка

На 12 сакавіка прызначаны Народны Марш “За лепшае жыцьцё”. У падтрымку гэтай акцыі ў Менску выступілі некаторыя кіраўнікі апазыцыйных партыяў. Аднак, аб’яднаньне “Гарадзенская ініцыятыва”, у якую ўваходзяць многія рэгіянальныя арганізацыі, заклікала засяродзіць намаганьні на традыцыйнай супольнай акцыі ў Дзень волі – 25 сакавіка. На чым палягаюць рознагалосьсі ў стане апазыцыі? Ці здольныя дэмакратычныя сілы ў цэнтры і рэгіёнах каардынаваць свае дзеяньні? І якая мэта можа сёньня аб’яднаць людзей? Над гэтым спрачаюцца ўдзельнікі “Праскага акцэнту” – сябра сойму БНФ прафэсар Алесь Астроўскі з Горадні і актывіст “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка зь Менску.


“Вольная студыя”. 2 сакавіка

Канстытуцыя сярэднявечнай Беларусі — Статут Вялікага Княства Літоўскага — меў юрыдычную сілу два з паловай стагодзьдзя. Як жылося па ім нашым продкам? За якія правіны можна было страціць маёнтак, а за якія атрымаць “кару горлам” — гэтак называлася ў той час сьмяротнае пакараньне? Чаму за абразу вялікага князя прадугледжвалася зьняволеньне да шасьці тыдняў, а за спробу замаху на гонар і годнасьць прэзыдэнта можна атрымаць да пяці гадоў? Што са Статуту Вялікага Княства перайшло ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь? Над усім гэтым можаце паразважаць і вы, набыўшы ў кнігарні новае выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага на сучаснай беларускай мове. А ў нядзельнай “Вольнай студыі” на згаданыя пытаньні спрабуюць адказаць Міхась Скобла ды ягоны суразмоўца гісторык Валянцін Голубеў.


“Паштовая скрынка 111”. 2 сакавіка

У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка-111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Георгі Белаконь з Калінкавічаў, Ільля Копыл зь Менску і Аліна Дуброўская зь Дзяржынску.

У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:

- распавядаюць пра тое, як вялася падрыхтоўка да мясцовых выбараў, і дзеляцца прапановамі пра спосабы змаганьня са злоўжываньнямі выбарчых камісіяў;

- успамінаюць бестэрміновую вахту валанцёраў у Курапатах і выказваюць прэтэнзіі да асьвятленьня гэтай тэмы сродкамі масавай інфармацыі;

- разважаюць пра тое, як у Беларусі павінна быць ушанаваная памяць Уладзімера Мулявіна;

- дзеляцца заўвагамі і меркаваньнямі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG