72 гадовая Біляна Плаўшыч стала самым высокапастаўленым палітыкам, асуджаным Гааскім трыбуналам. Пракурор патрабаваў пазбавіць яе волі на 25 гадоў, суд зьменьшыў пакараньне амаль удвая. Судьдзя трыбуналу Рычард Мэй пракамэнтаваў прысуд наступным чынам: “Безадказная мяккасьць была б недарэчнаю. Ніякі прысуд ня зможа адлюстраваць жах таго, што адбылося, і жахлівы адбітак гэтага на тысячах ахвяраў”.
Паводле судзьдзі Мэя, было даказанае дачыненьне спн. Плаўшыч да этнічных чыстак, якія прывялі да сьмерці і выгнаньня тысячаў людзей. Судьдзя асабліва падкрэсьліў, што кіраўніцтва басьнійскай Рэспублікі Сэрбскай ігнаравала шматлікія папярэджаньні пра тое, што яго дзеяньні зьяўляюцца злачыннымі.
Разам з тым суд узяў пад увагу і іншыя моманты: добраахвотную яўку спн. Плаўшыч, яе раскаяньне ў тым, што яна зьдзейсьніла, акрамя таго, яе высілкі ў справе рэалізацыі мірнага дэйтанскага пагадненьня па Босніі на пасадзе кіраўніка Рэспублікі Сэрбскай.
Праўда, назіральнікі адзначаюць, што 11-гадовы прысуд для 72-гадовай жанчыны – гэта фактычна пажыцьцёвае зьняволеньне.
Вэрдыкт трыбуналу ў справе Біляны Плаўшыч выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Босьніі і ў Сэрбіі, аднак паводле супрацьлеглых прычынаў. Напрыклад, мяккім палічыла прысуд Када Хоціч, прадстаўніца арганізацыі “Маці Срэбраніцы”. Срэбраніца – басьнійскае паселішча, дзе ў 1995 годзе салдаты войска басьнійскіх сэрбаў забілі больш за 7 тысячаў мужчынаў і хлопчыкаў. Гаворыць Када Хоціч.
(Хоціч: ) “Усе тыя жыцьці і такі мяккі прысуд. Я не разумею, што гэта за суд. Стаўленьне судзьдзяў і пракурораў у Гаазе было ганебным. За разбурэньне куратніка далі б большы тэрмін. Гэта ганьба і чарговая зьнявага. Загіблыя не дазваляюць дараваць. Я ніколі ня ўбачу майго сына, майго мужа і брата”.
Адваротная думка – у пераемніка Плаўшыч на пасадзе кіраўніка Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі Міларада Додзіка.
(Додзік: ) “Гэты прысуд моцна засмуціў мяне. Я мяркую, што міжнароднае правасудзьдзе зрабіла несправядлівасьць у дачыненьні да Біляны Плаўшыч”.
Міларад Додзік мяркуе, што прысуд, вынесены спн. Плаўшыч, якая добраахвотна паехала ў Гаагу і прызнала сваю віну, утрымае ад падобных дзеяньняў іншых абвінавачаных, якіх расшуквае трыбунал, прынамсі, былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча і былога кіраўніка войска басьнійскіх сэрбаў Радко Младзіча.