Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ ПРАФКАМУ — КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ ЗЬБІРАЕ ПЭНСІЯНЭРАЎ НА ПРАФСАЮЗНУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ


Ганна Соусь, Менск

У фае Палаца культуры трактарнага заводу з нагоды прафсаюзнай канфэрэнцыі непрацоўных пэнсіянэраў трактарнага заводу працаваў буфэт. Тут жа ладзілася выстава ўпрыгожаньняў і вырабаў з камянёў. Але пэнсіянэры, дэлегаты канфэрэнцыі, толькі глядзелі на прысмакі ды сувэніры. “Няўжо ў нас ёсьць грошы на гэткае”, — паскардзілася жанчына сталага веку.

На выбарчым участку, што месьціцца тут жа, ідзе датэрміновае галасаваньне. Прагаласавалі пакуль няшмат, толькі 40 чалавек. Па Трактаразаводзкай акрузе балятуюцца чатыры кандыдаты. Адзін зь іх, Аляксандар Карцаў, былы намесьнік дырэктара трактарнага заводу, а цяпер старшыня прафкаму ўсяго аб’яднаньня. Яго супернік Ігар Шынкарык, старшыня Партызанскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Я сустрэлася зь ім на пачатку прафсаюзнай канфэрэнцыі, ў якой бярэ ўдзел ягоны супернік.

(Шынкарык: ) “Пэнсіянэраў жадаюць, мабыць, падштурхнуць да датэрміновага галасаваньня. Нешта на гэтай канфэрэнцыі пэнсіянэрам паабяцаюць. Можа, нейкую прафсаюзную прыбаўку да пэнсіі. З 14 выбарчых камісіяў у нашай акрузе 11 — трактаразаводзкія. Старшыні гэтых камісіяў — намесьнікі начальнікаў цэхаў, і ўсе трактаразаводцы, падначаленыя непасрэдна аднаму з кандыдатаў у дэпутаты.

Я нарадзіўся й вырас тут. 35 гадоў пражыў у раёне трактарнага заводу. На заводзе працавалі мае бацькі. І шмат людзей гавораць, што будуць галасаваць за мяне. Я не спадзяюся на справядлівыя выбары. Шанцы ў мяне 50 на 50, але з кожным днём яны памяншаюцца, гледзячы на тое, што адбываецца ў участковых выбарчых камісіях”.

На прафсаюзнай канфэрэнцыі абмяркоўваліся ў асноўным сацыяльныя пытаньні, пэнсіянэры вырашылі зьвярнуцца да Лукашэнкі, каб той не адмяняў ільготы на праезд. Людзі прасілі прафсаюз дапамагчы ім з праездам да лецішчаў, патрабавалі, каб у заводзкай паліклініцы выпісвалі льготныя рэцэпты й гэтак далей. Падчас канфэрэнцыі паўставала й пытаньне будучых выбараў. Выступае адзін з прафсаюзных актывістаў:

(Выступовец: ) “Зьяўляюцца апазыцыйныя праклямацыі, і нас заклікаюць наўпрост і ўскосна не ісьці на выбары. Але ж сродкі выдаткаваныя вялікія. І таму трэба ня толькі ісьці на выбарчыя ўчасткі, але і актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі”.

Кандыдат у дэпутаты і старшыня прафкаму Аляксандар Карцаў у сваім выступе абяцаў дапамагчы пэнсіянэрам у іхных праблемах. Але збольшага людзі ня верылі ў тое, што іхнае жыцьцё найбліжэйшым часам можа палепшыцца. Але ж на выбары пэнсіянэры абавязкова пойдуць. Гаворыць адзін з удзельнікаў прафсаюзнай канфэрэнцыі:

(Пэнсіянэр: ) “Пайду галасаваць, як усе былыя савецкія людзі, і як мы — беларусы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG