Амбасада Злучаных Штатаў зрабіла адмысловую заяву пасьля таго, як Цэнтарвыбаркам адмовіў ёй у доступе да мясцовых выбараў у статусе міжнародных назіральнікаў.
23 лютага амэрыканская амбасада ў Менску накіравала афіцыйную заяўку беларускім МЗС і Цэнтарвыбаркаму, каб акрэдытаваць дыпляматычных супрацоўнікаў амбасады ў якасьці міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары 2 сакавіка. Як паведамляецца ў пятніцу ў прэсавым рэлізе амбасады ЗША, Цэнтральная выбарчая камісія 25 лютага адхіліла заяўку амбасады на той падставе, што Цэнтарвыбаркам не накіроўваў ёй запрашэньня ўзяць удзел у якасьці назіральнікаў. Таксама Цэнтарвыбаркам паінфармаваў амбасаду ЗША, што ня меў намеру накіроўваць запрашэньні міжнародным назіральнікам на будучыя мясцовыя выбары.
Як заяўляе амэрыканская амбасада ў Менску, “рашэньне ЦВК супярэчыць заявам, зробленым у дыпляматычнай ноце, дасланай Міністэрствам замежных справаў 24 лютага”. Гэты дакумэнт, які быў дасланы ўсім акрэдытаваным дыпляматычным місіям у Беларусі, падаваў дадатковую інфармацыю пра мясцовыя выбары 2 сакавіка.
Наконт выбарчага працэсу дакумэнт заяўляе: “усе мерапрыемствы выбарчага працэсу (фармаваньне выбарчых акругаў і выбарчых камісіяў, вылучэньне кандыдатаў, рэгістрацыя кандыдатаў, адкрытае й свабоднае абмеркаваньне перадвыбарчых праграмаў, забесьпячэньне празрыстага выбарчага працэсу, удзел мясцовых і міжнародных назіральнікаў, свабода сродкаў масавай інфармацыі) ёсьць адкрытымі для грамадзтва адпаведна прынцыпам адкрытасьці, мэтазгоднасьці і, найбольш галоўнае, забесьпячэньня дэмакратычнага характару выбараў”.
Амбасада ЗША ў Беларусі заяўляе, што рашэньне Цэнтарвыбаркаму таксама супярэчыць мінулай практыцы, калі міжнародных назіральнікаў запрашалі назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў 2000 годзе й прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе.