Каб забясьпечыць масавую яўку на выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасаваньня, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў загадалі сваім працаўнікам ісьці туды проста ў працоўны час. А ў якасьці заахвочваньня тым, хто прагаласаваў, было дазволена на працу больш не вяртацца. Пра адзін з такіх выпадкаў ананімна распавёў работнік камунальнае гаспадаркі з Воршы:
(Спадар: ) “Сёньня ў нас на працы быў сход, і начальнік сказаў, што сёньня мы ўсе мусім прагаласаваць На 100 адсоткаў. Да заўтра мы мусім яму патэлефанаваць і даць справаздачу, што мы ўсе прагаласавалі. А тым, хто прагаласуе, на працу ўжо можна не вяртацца сёньня. Мы спрабавалі з начальнікам спрачацца, што, маўляў, ня пойдзем, у нас у краіне дэмакратыя… Але ён нам хутка пазатыкаў раты ды сказаў: “Дэмакратыі пакуль што ня будзе. Усе на выбары!”
Яшчэ адзін сродак, якім карыстаюцца сёньня кіраўнікі прадпрыемстваў, — загад пра датэрміновае галасаваньне ў працоўных інтэрнатах.
Людзі распавядаюць, што мусяць ісьці галасаваць з-за пагрозаў быць выселенымі, бо іхны ўдзел у выбарах кантралююць камэнданты інтэрнатаў, якія потым нясуць адпаведныя сьпісы ў адміністрацыю прадпрыемства. Прынамсі, падобны кантроль за выбарцамі ажыцьцяўляецца ў інтэрнатах чыгуначнікаў ды Абласнога таварыства сьляпых.
Загад пра датэрміновае галасаваньне быў аддадзены ў Віцебску і па студэнцкіх інтэрнатах. Прычым калі будучым настаўнікам ды мэдыкам выхавацелі ў інтэрнатах казалі пра неабходнасьць правесьці выбары ў адзін тур дзеля эканоміі дзяржаўных сродкаў, то ў шэрагу астатніх навучальных установаў знайшлі іншы стымул. Суботу там абвесьцілі дадатковым выходным днём, каб іншагароднія навучэнцы, якія прагаласавалі сёньня, адразу ж мелі магчымасьць ад’ехаць дахаты.