Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПА “РЭСПУБЛІКА” ВЫСТУПІЛА З ПАЛІТЫЧНЫЙ ЗАЯВАЙ


Валер Каліноўскі, Менск

У групу “Рэспубліка” ўваходзяць 11 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, гэта 10% яе поўнага складу, таму нельга казаць, што яна істотна зьменіць атмасфэру ў Нацыянальным сходзе. Але яна можа стаць прычынай турботаў для ляяльнага А.Лукашэнку кіраўніцтва палаты.

Група “Рэспубліка” рыхтуе некалькі законапраектаў, накіраваных на дэмакратызацыю сытуацыі ў Беларусі: пра зьмены ў Выбарчы кодэкс, пра СМІ, пра мітынгі й шэсьці, пра адвакатуру ды іншыя. Дэпутаты зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд, наладзілі дыялёг з прадпрымальнікамі, абаронцамі помнікаў гісторыі, якія апынуліся пад пагрозай зьнішчэньня, прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў.

І нарэшце група “Рэспубліка” выступіла са сваёй праграмнай заявай, у якой заяўляе пра паглыбленьне эканамічнага крызысу ў Беларусі, рост інфляцыі, беспрацоўя, адсутнасьць падзелу ўладаў, абмежаваньне паўнамоцтваў парлямэнту і судоў, якія залежаць ад вэртыкалі, пра падаўленне іншадумства, арышты журналістаў, цэнзуру.

Група “Рэспубліка” выступае за дакладны падзел паўнамоцтваў галінаў улады, разьвіцьцё шматвэктарных міжнародных адносінаў, большую смастойнасьць для суб’ектаў гаспадараньня, разьвіцьцё ўсіх формаў уласнасьці й прыватызацыю, празрыстасьць бюджэту. У праграмнай заяве таксама некалькі папулісцкіх лёзунгаў: пра бясплатнае лячэньне, дастойны заробак, падтрымку маламаёмных грамадзянаў.

Сябры групы “Рэспубліка” не пагаджаюцца зь цьверджаньнем, што яны перайшлі ў апазыцыю да ўлады. Гаворыць адзін зь лідэраў дэпутацкай групы Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Мы і ніколі не заяўлялі пра нейкую апазыцыйнасьць, мы дакладна грунтуем сваю пазыцыю на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законах, якія існуюць”.

Спадар Фралоў зазначыў, што ягоная група жадае дапамагчы А.Лукашэнку вярнуцца да тых нормаў жыцьця, якія прадугледжаныя Канстытуцыяй:

(Фралоў: ) “На жаль, практыка паказвае, што не заўсёды ягоныя дзеяньні й дзеяньні асобаў, яму падпарадкаваных, супадаюць з такімі паняцьцямі як патрабаваньні Канстытуцыі, правы чалавека, дэмакратыя, законнасьць”.

Валеры Фралоў кажа, што займацца палітыкай вымушае само жыцьцё, але размовы пра іх групу як пра палітычную фракцыю пакуль няма — у Палаце прадстаўнікоў фракцыі ўвогуле забароненыя рэглямэнтам.

Спадар Фралоў кажа, што іншыя дэпутаты выказваюць ім сымпатыі, хаця і пабойваюцца выказаць гэта ўголас. Лідэры палітычнай апазыцыі ў цэлым станоўча ацэньваюць заяву і дзейнасьць групы “Рэспубліка”. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Я б у цэлым станоўча ацаніў эвалюцыю тых людзей, якія, будучы кандыдатамі ад улады, патрапілі ў Палату прадстаўнікоў, напачатку выконвалі ўсё тое, што было загадана, але ўрэшце пачалі задумвацца пра сваю краіну і пакуль што яшчэ непасьлядоўна, фрагмэнтарна спрабуюць сфармуляваць сваю адказнасьць за лёс гэтай краіны”.

Спадар Вячорка кажа, што гэтая ініцыятыва яшчэ ня робіць Палату прадстаўнікоў легітымнай, групе “Рэспубліка” трэба яшчэ прайсьці пэўную эвалюцыю, сутыкнуцца зь перашкодамі й выразна сфармуляваць сваю тактыку.

(Вячорка: ) “Самі па сабе яны могуць вельмі й вельмі мала. Зьмены ў грамадзтве могуць забясьпечыць толькі сур’ёзныя і дастаткова масавыя працэсы. Носьбітамі абнаўленьня грамадзтва ёсьць і будуць вялікія структураваныя арганізацыі. У першую чаргу палітычныя партыя. І я хацеў бы выказаць клопат, што ў іхнай праграмнай заяве тэма незалежнасьці й тэма эўрапейскага выбару Беларусі прачытваецца вельмі і вельмі слаба”.

Тым ня менш, спадар Вячорка лічыць неабходным супрацоўнічаць з групай “Рэспубліка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG