Паводле нямецкага выданьня, пасьля ірацкага крызысу тыя базы ЗША, якія зараз знаходзяцца ў Нямеччыне, перамесьцяцца пераважна ў Польшчу. З гэтай мэтай польскае кіраўніцтва зьбіраецца прапанаваць амэрыканцам прынамсі дзесяць населеных пунктаў.
Што да галоўнай амэрыканскай авіябазы, якая месьцілася ў Франкфурце на Майне, то яна пераедзе ў аэрапорт пад Бялай Падляскай, за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Аднак першапачаткова, дзеля таго, каб не дражніць Расею, амэрыканцы вырашылі разьмесьціць свой паветраны арсэнал крыху далей ад Беларусі, ля Мінску Мазавецкага, што ў трох-чатырох гадзінах язды ад Берасьця. Што да іншых амэрыканскіх вайсковых аэрадромаў, то яны таксама будуць разьмешчаныя ва Ўсходняй Польшчы.
Спасылаючыся на вугорскія крыніцы, “Die Welt” піша, што амэрыканцы падобным чынам вырашылі эканамічна пакараць Нямеччыну за яе пазыцыю ў часе ірацкага крызысу. Нават паводле самых прыблізных падлікаў, нямецкі бюджэт у выніку такой перадысьлякацыі штогод недалічыцца многіх мільярдаў даляраў.
Як сьцьвярджае нямецкае выданьне, у Міністэрстве абароны Вугоршчыны адмовіліся даваць нейкі афіцыйны камэнтар, аднак на неафіцыйным узроўні будучыя пляны ЗША выклікалі шмат чутак і спэкуляцыяў. Назіральнікі зьвязваюць рашэньне пра перадысьлякацыю з пэўнымі амбіцыямі ЗША на палітычнае лідэрства ў сьвеце пасьля ірацкай вайны. Падобныя захады ня могуць ня выклікаць заклапочанасьці як у Нямеччыне, так і ў Радзе Бясьпекі ААН... Ня кажучы пра “ўпартую Расею, якая ў такіх намерах бачыць пагрозу сваім амбіцыям”.
У матэрылах на іншую тэму, якія гэтымі днямі таксама зьмешчаныя ў “Die Welt”, сьцьвярджаецца, што і сам крамлёўскі кіраўнік пралічвае розныя варыянты захаваньня расейскіх палітычных інтарэсаў у тым выпадку, калі вайну ў Іраку ня ўдасца прадухіліць. Аглядальнікі пры гэтым указваюць на прысутнасьць расейскіх стратэгічных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Пра два зь іх нямецкім журналістам летась паведаміў беларускі кіраўнік Лукашэнка.
Размова ішла пра звышсучасную радыёлякацыйную станцыю ля Ганцавічаў, якая фіксуе старт любой ракеты над Атлянтыкай і пра станцыю ў Вялейцы, якая каардынуе сувязь паміж расейскімі субмарынамі. Аналітыкі не выключаюць, што ў выніку пераезду вайсковага кантынгенту ЗША ў Польшчу, пэўныя зьмены адбудуцца і ў разьмяшчэньні расейскіх ваенных базаў на беларускай тэрыторыі.