Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСЫ ІМКНУЦЦА НА ЗАРОБКІ Ў РАСЕЮ?


Ігар Карней, Менск

У Воршы амаль кожны трэці дарослы мужчына калі яшчэ не папрацаваў у Расеі, то прынамсі спрабаваў знайсьці там працу. Нават чыгуначнікі, якія маюць больш-менш стабільныя заробкі й над якімі не вісіць пагроза быць скарочанымі, цьвердзяць: без Расеі пракарміць сям’ю немагчыма. Машыніст цеплавозу Аляксей Аўсяньнікаў будуе лецішчы ды лазьні ў Падмаскоўі ўжо пяты год. Кажа, пашчасьціла, што ў Маскве жыве сястра, якая час ад часу знаходзіць для яго працу. А таму і рызыкі скарыстацца з сумнеўных прапановаў афэрыстаў-працадаўцаў у яго няма.

(Аўсяньнікаў: ) “У Беларусі не жыцьцё. Пад’есьці, апрануцца, абуцца стала занадта дарагім задавальненьнем. Таму адзінае выйсьце — ехаць у Расею і зарабляць. На грошы, што я атрымліваю ў Маскве за месяц як дастаткова кваліфікаваны цясьляр, у Воршы мне патрэбна працаваць год. Натуральна, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму можна “ляжаць”, атрымліваць свае няшчасныя 150 тысяч і жыць па-жабрацку. Але, мяркую, кожнаму хочацца, каб сям’я жыла ў дастатку, каб, прыйшоўшы ў краму, не вытрасаць кашалёк і думаць, што выбраць — танную каўбасу ці кавалак хлеба. Я хачу зарабляць грошы і траціць іх, як хачу. Менавіта гэта маю на мэце ў свае няпоўныя 40 гадоў”.

Аляксей ня крыўдзіцца, калі ягоныя вандроўкі ў Расею я параўнаў з працай парабка. Адказвае, што дзяржава не пакідае іншай альтэрнатывы.

(Аўсяньнікаў: ) “А нам не даюць тут зарабіць. Нават калі хочаш — не атрымліваецца: ці падаткамі абкладуць, ці забароняць. Так, мы парабкі. Мы едзем туды парабкамі, але вяртаемся з нармальнымі грашыма. Сям’і хапае, на жыцьцё хапае. Зараз беларусы ўжо ня кідаюцца на першую прапанову. Калі мне не абяцаюць 600–700 даляраў на месяц, я ня еду. Іншымі словамі, за 500 баксаў працаваць ня буду. Але, каб атрымаць гэтыя грошы, працуем без выходных. Калі дазваляем адпачыць, то хіба ў нядзелю да абеду. А так месяц працуем дзень у дзень — па 12–14, іншым разам па 16 гадзінаў на суткі. Але працуем, і зарабляем. У нас зарабіць не дадуць, проста “заваляць”.

Мой суразмоўца распавёў і пра рызыкі, зь якімі сутыкаюцца ў Расеі беларускія нелегалы. Яму пашчасьціла, што ня мае справаў з афэрыстамі-працадаўцамі, але, як абысьці расейскія законы пра дазвол на працу, рэгістрацыю, падаткі — мае досьвед.

(Аўсяньнікаў: ) “Паводле закону павінен рэгістравацца і павінен мець дазвол на працу. Але каму гэта цікава? Мы прыехалі, гаспадар дамовіўся з участковым, і ўсе праблемы вырашаныя. І ён ня плаціць, і нам не патрэбна. Калі ўсё афіцыйна — і мы, і гаспадар павінны заплаціць падатак. Але гэта толькі клопаты. Прасьцей ціха прыехаць, зрабіць, і зьехаць. Таму, натуральна, езьдзім ананімна. На вакзалах адсочваюць гэтак званы трохсуткавы рэжым знаходжаньня, квіткі правяраюць, а мы беспраблемна едзем на машыне. Раней была дэклярацыя на ўвоз аўто, дзе фіксавалася дата, а зараз ніхто не цікавіцца, калі ты прыехаў. Але ўмовы пражываньня мы абмяркоўваем — найперш, каб не турбавала міліцыя і іншыя структуры”.

Аляксей чакае вясну: пацяплее, будуць замовы – і ён зноў рушыць у дарогу. На заробкі. А вярнуцца заўсёды зможа. Кажа, што на чыгунцы будзе праца, бо ягоныя калегі таксама разьяжджаюцца на заробкі. І, сьмеючыся дадаў: здаецца, што працуем у роднай Воршы нібы па чарзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG