Прадстаўнікі Міжнароднай канфэдэрацыі прыехалі ў Беларусь з мэтаю вывучэньня сытуацыі зь незалежным прафсаюзным рухам. Сёлета ў чэрвені будзе вырашацца пытаньне аб прыёме Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў у згаданую арганізацыю, і замежныя госьці мусяць выпрацаваць на гэты конт адпаведныя рэкамэндацыі.
У Наваполацку дэлегацыя (а ў яе склад уваходзілі прадстаўнікі Нямеччыны, Галяндыі, Літвы і Расеі) правяла сустрэчу з актывістамі васьмі суполак Свабоднага прафсаюзу, а таксама наведала офіс Незалежнага прафсаюзу Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Палімір” — арганізацыі, у якую ўваходзіць прыкладна тысяча чалавек.
Азнаёміўшыся з умовамі, у якіх даводзіца працаваць наваполацкім незалежным прафсаюзам, сябры дэлегацыі выказалі салідарнасьць са сваімі беларускімі калегамі й запэўнілі, што міжнародныя прафсаюзныя структуры будуць рабіць высілкі дзеля іх падтрымкі.
Я запытаўся ў аднаго зь сяброў дэлегацыі — міжнароднага сакратара Ўсерасейскай канфэдэрацыі працы Барыса Краўчанкі: як ён ацэньвае шанцы ўступленьня ў міжнародныя структуры Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў?
(Краўчанка: ) “Мы лічым, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў у гэтай краіне — апошняя структура, якая мае права называцца незалежнай прафсаюзнай арганізацыяй. Менавіта ў сувязі зь цяжкай палітычнай сытуацыяй ў Беларусі міжнародны прафсаюзны рух надае такую ўвагу Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, і зараз наўпрост ідзе гаворка аб яго ўступленьні ў Міжнародную арганізацыю Свабодных прафсаюзаў. Нягледзячы на тое, што колькасьць сяброў незалежных прафсаюзаў пакуль што невялікая, і ёсьць нутраныя праблемы, МКСП прымае гэтае палітычнае рашэньне з мэтаю падтрымкі незалежнага рабочага руху ў Рэспубліцы Беларусь”.