Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯМЕЛЬНЫ ПАДАТАК У БЕЛАРУСІ АД ПАЧАТКУ ГЭТАГА ГОДУ ПАДВЫСІЎСЯ Ў НЕКАЛЬКІ РАЗОЎ

Натальля Раковіч, Менск

Закон “Аб плацяжах за зямлю” падвысіў стаўкі падатку прыблізна ў чатыры разы. А закон аб бюджэце на 2003 год дазволіў мясцовым уладам падвышаць стаўкі яшчэ ўдвая — гэта ўжо рост у восем разоў. Ды яшчэ Менгарвыканкам падзяліў горад на ўмоўныя зоны — з рознымі падвышальнымі каэфіцыентамі да падатку на зямлю. Цяпер у сталіцы падатак на адзін гектар зямлі складае больш за 15 тысяч рублёў плюс каэфіцыенты.

Прэзыдэнт Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін вітае прыняцьцё закону. На ягоную думку, падвышэньне падаткаў на зямлю прымусіць буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы хутчэй адаптавацца да рынкавай стыхіі.

(Карагін: ) “Каб гэтыя мёртвыя прадпрыемствы, якія быццам сабака на сене сядзяць, займаюць калясальныя тэрыторыі, хутчэй пазбаўляліся ад таго, што яны займаюць неабгрунтавана. Вельмі канкрэтная пазыцыя: зямля — гэта наш капітал. Яна павінна дорага каштаваць”.

Прадстаўнік аднаго з такіх прадпрыемстваў мяркуе, што дэпутаты, прымаючы новы закон, паставілі прадпрыемствы перад фактам, не ўлічылі эканамічныя рэаліі. На ягоную думку, падвышаць падаткі трэба толькі на лішнюю зямлю.

(Спадар: ) “Жыць па сродках мы ўсе павінны. Пытаньне ў тым, што лішняй зямлі быць не павінна. А павінна быць столькі, колькі неабходна, а наконт дарагой зямлі... Не, папросту трэба лічыць грошы. І свае, і дзяржаўныя”.

У зьвязку з падвышэньнем падатка на зямлю аўтаматычна ўзрастае сабекошт прадукцыі прадпрыемстваў, і яна робіцца неканкурэнтаздольнай. На думку майго суразмоўцы, гэта ніяк не паспрыяе эканамічнаму ўздыму беларускай прамысловасьці.

Апроч суб’ектаў гаспадараньня, у ліку пакрыўджаных апынуліся яшчэ й рознага кшталту рэлігійныя арганізацыі, якія цяпер пачалі зьвяртацца ў Палату прадстаўнікоў. Прыкладам, утрыманьне Дома міласэрнасьці ў Менску толькі па падатках на зямлю будзе ў год абыходзіцца 300 мільёнаў рублёў. Ня ў лепшым становішчы апынуліся і шматлікія пратэстанцкія абшчыны. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч, да якога асабіста зьвярталіся некалькі дзясяткаў выбарцаў, назваў закон “Аб плацяжах на зямлю” ўдушэньнем рэлігійных арганізацыяў.

(Пашкевіч: ) “Ствараюцца рэлігійныя аб’яднаньні, абшчыны. Гэта вернікі больш пажылога ўзросту, і яны ня маюць магчымасьці несьці такія вялікія выдаткі на зямлю”.

Разам з тым дэпутат адзначае, што прычыны прыняцьця закону былі чыста эканамічныя. Дзяржаве, гаворыць спадар Пашкевіч, трэба любой цаной папоўніць бюджэт. Нагадаем, што да пачатку 2004 году Беларусь, згодна з патрабаваньнямі Расеі, павінна зьвесьці бюджэтны дэфіцыт да нуля.


Гэтае патрабаваньне Расеі - бюджэт без дэфіцыту – адзін з элемэнтаў стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. Расея ўжо ў 2000 годзе мела бездэфіцытны дзяржаўны бюджэт, у 2002 бюджэт быў зьведзены нават з прафіцытам – гэта значыць, даходы перавышалі выдаткі. Прафіцыт у расейскім бюджэце заплянаваны і на сёлетні год.

У Беларусі ж і ў сёлетнім бюджэце, як і ў ранейшыя гады, заплянаваны даволі істотны дэфіцыт – 7% ад расходнай часткі. Гэта азначае, што кожны чатырнаццаты рубель, які выдаткоўвае дзяржава, будзе пустым, узятым з паветра. Такі спосаб абыходжаньня з нацыянальнымі фінансамі разганяе інфляцыю, якая летась склала ў Беларусі больш за 30%. У Расеі ў 2002 годзе цэны вырасьлі на 15%. Пры такіх істотных адрозьненьнях казаць пра нейкую эканамічную інтэграцыю не выпадае. Беларускі ўрад спрабуе павялічыць даходы бюджэту, каб зьменьшыць ягоны дэфіцыт і наблізіцца да расейскіх паказчыкаў.
XS
SM
MD
LG