Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПРАБАВАЛІ САРВАЦЬ КРУГЛЫ СТОЛ Ў ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ, ПРЫСЬВЕЧАНЫ ЎГОДКАМ БНР

Валер Каліноўскі, Менск

Шматлікім актывістам апазыцыі, дзеячам мастацтва, навукоўцам і журналістам, запрошаным апазыцыйнымі дэпутатамі ў сьцены Палаты прадстаўнікоў, давялося пераадольваць некалькі перашкодаў. Спачатку адміністрацыя ўрадавага будынку адмовілася іх прапусьціць па агульным спісе, хаця раней цэлая група студэнтаў прайшла сюды на экскурсію менавіта па сьпісе.

Дэпутатам Фралову, Парфяновічу ды іншым давялося выпісваць запрошаным асобныя пропускі. Але адміністрацыя будынку спрабавала абмежаваць колькасьць запрошаных — супрацоўнік, які выпісвае пропускі, схаваўся ў сваім кабінэце. Калі й гэта не спыніла, раптоўна зьнік ключ ад актавай залі, у якой была дазволеная сустрэча. Валеры Фралоў мяркуе, што гэтыя перашкоды рабіліся паводле загаду з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Спадар Фралоў 25 хвілінаў шукаў ключ ад залі, хадзіў да ўсіх магчымых начальнікаў, нават тэлефанаваў у прыёмны пакой Урала Латыпава. Але марна.

(Фралоў: ) “Вось стаіць камэндант, вочкі апусьціў, яму кажуць: “У цябе ж ключ!” — “Ды не, —кажа, — трэба да Чурсіна”. Падышоў да таго і кажу: “Мужык, я цябе разумею, пайшлі мы ламаць…”

Але ламаць дзьверы дэпутаты ўсё ж адмовіліся. Начальнік сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Анатоль Чурсін сказаў спадару Фралову, што калі гэтае мерапрыемства пройдзе тут, то ён будзе звольнены з працы. Круглы стол распачаўся са спазьненьнем на паўгадзіны, і толькі ў фае ля авальнай залі Дома ўраду, дзе адбываюцца сэсіі. Многія апазыцыянэры зьявіліся тут упершыню пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я больш за шэсьць гадоў ня быў у гэтым будынку, і вымушаны канстатаваць, што, на вялікі жаль, той дух, які быў шэсьць гадоў таму, калі людзі ў вайсковай форме не пусьцілі дэпутаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў свае працоўныя кабінэты, ён застаўся і па сёньняшні дзень. На вялікі жаль, мы вымушаныя змагацца ўсе за вяртаньне парлямэнтарызму ў Беларусь. Гэта руіны парлямэнтарызму. І натуральна, што тут мы можам аб’ядноўваць свае намаганьні”.

Такім чынам, да абмеркаваньня гістарычнай тэмы пра значнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі дадаліся сёньняшнія праблемы. Удзельнікі гутаркі асабліва былі заклапочаныя пагрозамі незалежнасьці Беларусі, якія зноў зьявіліся. Гаворыць паэт Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Скурай адчуваю: мы перажываем страшна цяжкі пэрыяд, калі над незалежнасьцю нашай навісла рэальная пагроза. Мы сёньня ўбачылі, што такое ў нас незалежнасьць. Ключ больш незалежны ў нечыіх руках, чым нашыя пашпарты грамадзянаў Беларусі, чым тое, што мы для Беларусі зрабілі, хто менш, хто больш, чым тое, што ў нас ёсьць сэрца, адданае Беларусі.

Ключ! Іржавы ключ, якім сёньня закрылі кабінэт, заўтра закрыюць нам думкі нашыя, пасьлязаўтра закрыюць Беларусь і адвязуць гэты ключ у Крэмль, і там ён нікому ня будзе патрэбны, яго выкінуць у Маскву-раку. Таму незалежнасьць — вось тое, што трэба, як дзятлы, кожны дзень кожнай партыі, кожнаму беларусу гаварыць”.

Альтэрнатыўнай думкі тут не было — з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прысутнічалі толькі сябры групы “Рэспубліка”, не прыйшлі й прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, якіх таксама афіцыйна запрашалі.

Сёньняшняя сутрэча ў Доме ўраду сталася своеасаблівым стартам больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж апазыцыйнымі дзеячамі, палітычнымі партыямі й дэпутацкай групай “Рэспубліка”. Прадстаўнікі апошняй у сувязі з гэтым распаўсюдзілі сваю праграмную заяву, якая мае выразна апазыцыйны зьмест. У прыватнасьці, у ёй сьцьвярджаецца, што ў Беларусі падаўляецца іншадумства, што журналістаў асуджаюць за крытыку, што ў дзяржаўных СМІ пануе цэнзура. Такім чынам група “Рэспубліка” зрабіла спробу стаць палітычнай фракцыяй у Палаце прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG