Прадстаўнік Партыі БНФ Юрась Зянковіч і незалежны кандыдат Аляксандар Строк павінны былі выступіць на радыё “Сталіца” яшчэ на мінулым тыдні. Вось што распавёў на гэты конт нашаму радыё Юрась Зянковіч:
(Зянковіч: ) “21 лютага мяне запрасілі на радыё “Сталіца”, дзе я меў выступ пяць хвілінаў, які прадугледжаны заканадаўствам. Мне паведамілі, што ў гэты ж вечар паміж 6 і 6.30 вечара будзе эфір на Менскую вобласьць. Мае выбарцы ў Маладэчанскім раёне, дзе я вылучаюся, слухалі ў гэты вечар радыёкропку, але выступу майго не пачулі. Аднак мне тэлефанавалі зь іншага раёну, з Пухавіцкага, і ў Пухавіцкім раёне прагучаў гэты выступ”.
Падобная гісторыя адбылася і з радыёвыступам Аляксандра Строка, незалежнага кандыдата, настаўніка гісторыі Красьненскай сярэдняй школы. З гэтай прычыны абодва кандыдаты зьвярнуліся з сумеснай скаргай у выбарчую камісію. Гаворыць Юрась Зянковіч:
(Зянковіч: ) “Гэта было зроблена наўмысна. Зразумела, што раённая намэнклятура такім чынам вырашыла, што ў іх ёсьць больш шанцаў “працягнуць” свайго кандыдата ў абласны савет”.
(Карэспандэнт: ) “Вы самі высьвятлялі, чаму не прагучаў ваш радыёзварот?”
(Зянковіч: ) “Я лічу, што гэта справа абласной выбарчай камісіі — высьветліць акалічнасьці”.
27 лютага абласная выбарчая камісія разгледзела скаргу. Вось што пра яе вынікі паведаміў нашаму радыё старшыня Міхаіл Амельянчук:
(Амельянчук: ) “Іх ніхто ня крыўдзіў. У мяне ёсьць тлумачэньні Маладэчанскага вузла электрасувязі. Я ўчора высьвятляў зь Белтэлерадыёкампаніяй, “Сталіцай”, “Белтэлекамам” тэхнічныя акалічнасьці. Карацей, вінаватага тут няма, таму і паўтараем ўсё. Заўтра з 18-й гадзіны да 18.40”.