Вядомы дасьледчык выбарчых працэсаў, аўтар некалькіх кніг на гэтую тэму Сяргей Альфер так пракамэнтаваў першыя вынікі датэрміновага галасаваньня:
(Альфер: ) “Ёсьць пэўныя лічбы, якія тычацца датэрміновага галасаваньня. Яны вызначаныя тэхнолягамі выбарчага галасаваньня ня толькі ў нас. Гэта больш-менш усімі прызнаная лічба. Калі на датэрміновае галасаваньне прыходзіць больш як 3%, дык лічыцца, што гэта галасаваньне было несвабодным. Гэта значыць, што выбарцаў прымушалі ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні. Любым чынам. Давалі грошы і прывозілі на аўтобусах, як у некаторых краінах. Запалохвалі, што звольняць з працы ці ня будуць плаціць грошай, як у нашай краіне”.
Лічбы паказваюць — 26 лютага, параўнальна з папярэднім днём, колькасьць удзельнікаў датэрміновага галасаваньня ўзрасла больш як удвая. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч лічыць, што гэта яскравае сьведчаньне таго, што ўлады пачалі больш актыўна задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс.
(Статкевіч: ) “Мэханізм просты, зразумелы і звычайны, з пазбаўленьнем прэміяў, пагрозамі звальненьня, выгнаньнем з інтэрнату, празь дзяцей у школах. Формы ў залежнасьці ад месца. Напрыклад, у Берасьці на кожным прадпрыемстве завялі адмысловыя журналы. Там запісаныя ўсе работнікі. Яны павінныя прагаласаваць і падысьці асабіста адзначыцца. А потым іх нібыта будуць правяраць. У Баранавічах выдаюцца адмысловыя талёны з указаньнем прозьвішча і месца працы. Іх трэба пакінуць на выбарчым участку. У Віцебску клясныя кіраўнікі ў дзёньніках пішуць бацькам у катэгарычнай форме: “Зьявіцца для папярэдняга галасаваньня”.
Між тым, 27 лютага раённыя выбарчыя камісіі Заводзкага і Маскоўскга раёнаў Менску адмянілі свае рашэньні аб рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты гарадзкога савета трох сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Сяргея Альфера, Сьвятланы Каралёвай, Яўгена Лабановіча й Раісы Міхайлоўскай з “Народнай грамады”. Падставай для гэтага сталі быццам бы дапушчаныя кандыдатамі парушэньні выбарчага заканадаўства. Пакрыўджаныя вырашылі падаць скаргі ў сталічную гарадзкую выбарчую камісію.