Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЁННЫЯ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ ВІЦЕБШЧЫНЫ ЗРАБІЛІ СТАЎКУ НА ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ


Браніслава Станкевіч, Віцебскская вобласьць

Віцебскія абласныя ўлады рапартуюць, што ў датэрміновым галасаваньні штодня бяруць удзел ня менш як 3% ад агульнай колькасьці выбарцаў. І падкрэсьліваюць, што ў параўнаньні з гараджанамі куды большую актыўнасьць праяўляюць вяскоўцы.

Тым часам незалежныя кандыдаты з розных рэгіёнаў Віцебшчыны паведамляюць пра тое, якімі сродкамі мясцовыя ўлады ды сябры выбарчых камісіяў гэтага дасягаюць.

Так, кандыдат у дэпутаты Сеньненскага райсавету Сяргей Лемешаў распавёў пра тое, што ў калгасе “Праўда” калгасьнікам, што прагаласавалі датэрмінова, тут жа выдавалі заробкі. Проста на выбарчым участку і адразу за тры апошнія месяцы, ліквідуючы такім чынам даўнюю запазычанасьць. Выдавала грошы калгасная касырка Алла Шмурадка, якая была на той час і дзяжурнай сяброўкай выбарчай камісіі. Гэткае “сумяшчальніцтва” перапынілася толькі тады, калі давераныя асобы спадара Лемешава выказалі намер паскардзіцца ў Цэнтарвыбаркам.

Складаньне скаргаў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню стала штодзённым заняткам і для кандыдата ў дэпутаты Гарадоцкага райсавету, а таксама Віцебскага абласнога савету Леаніда Гаравога. Да апошняе скаргі ў раённую выбарчую камісію спадар Гаравы прыклаў і 42 уласныя агітацыйныя ўлёткі — наўзамен тых, што былі зьнішчаныя паводле загаду раённых уладаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня.

Паводле словаў Леаніда Гаравога, ягоныя ўлёткі загадана здымаць альбо ўвогуле не разьвешваць з-за таго, што ён на гэтых выбарах ёсьць адзіным канкурэнтам намесьніка старшыні аблвыканкаму. І раённая адміністрацыя спадзяецца на тое, што ў часе датэрміновага галасаваньня людзі, асабліва жыхары аддаленых вёсак, проста нічога ня будуць ведаць пра альтэрнатыўнага кандыдата.

Дарэчы, сёньня Віцебшчына займае першае месца ў краіне па колькасьці выбарцаў, што прагаласавалі датэрмінова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG