Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ КАШТУЕ МЭДЫЦЫНА ВЯСКОЎЦАМ?


Ганна Соусь, Менск

Феня Рудзь памерла на 68-м годзе жыцьця ва ўласнай хаце ад інфаркту на вачах у свайго мужа пэнсіянэра Івана Рудзя. Калі таму спатрэбілася даведка пра сьмерць жонкі, высьветлілася, што яе яму не дадуць, пакуль ня будзе зробленае ўскрыцьцё. Свайго моргу ў Шаркаўшчыне няма, і таму нябожчыцу давялося везьці ў іншы раён, у Браслаў. Распавядае Іван Рудзь:

(Рудзь: ) “Я не хацеў, каб яе везьлі ўскрываць. Ёй 68 гадоў было. Участковы, сьледчы, пракурор сказалі, што калі дасьць мэдсястра даведку, то ня трэба будзе везьці. А яна не дала, дык павезьлі на ўскрыцьцё ў Браслаў. Зрабілі ўскрыцьцё, галаву парэзалі, грудную клетку. Ускрылі, памылі, апранулі”.

За ўсе гэтыя паслугі заплаціў Іван Рудзь 71 тысячу рублёў. А ягоная пэнсія складае цяпер 107 тысяч рублёў.

Ці абавязкова было накіроўваць нябожчыцу на ўскрыцьцё? Тым больш, у іншы раён… У той момант, як родныя хацелі па-чалавечы разьвітацца зь нябожчыцай, ім патрэбна было шукаць транспарт для паездкі ў Браслаў і грошы на аплату працы мэдыкаў. Сытуацыю тлумачыць галоўны лекар Шаркаўшчынскага раёну Станіслаў Стома:

(Стома: ) “Калі раптоўная сьмерць дома, то мы ня маем права выдаваць даведку пра сьмерць. Калі хворы хранічны, пакутуе доўга на сардэчныя хваробы і памірае, то мы ведаем, ад чаго ён памёр. А калі чалавек раней ня лекаваўся й раптоўна памёр, то пракурор накіроўвае на ўскрыцьцё. Гэтая жанчына памерла, ідучы ў хлеў. Ускрыцьцё робіцца бясплатна. Але ў моргу могуць проста аддаць нябожчыка, а могуць апрануць, накласьці касмэтыку, і за гэта ім паводле дамовы могуць заплаціць”.

У аддаленых беларускіх вёсках сёньня засталіся ў асноўным старыя людзі, і іхная сьмерць надае родным вельмі шмат клопатаў. Гаворыць прадстаўніца Шаркаўшчынскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Сафія Табола:

(Табола: ) “За год у нашым раёне памерла 400 чалавек, гэта прыкладна 34 чалавекі ў месяц. А за два месяцы гэтага году нарадзілася толькі 13. Калі, напрыклад, выклікаюць хуткую дапамогу, то спачатку хворага павінен агледзець мясцовы фэльчар. І тут нядаўна адбыўся выпадак. У Аляксея Бярозкіна разьвіваўся інфаркт міякарду, і ён быў вымушаны чакаць фэльчара паўтары гадзіны, бо фэльчарка жыве за 5 кілямэтраў. Яна канстатавала, што яму патрэбная хуткая дапамога, урэшце дапамога зацягнулася на чатыры гадзіны. І чалавек стаў глыбокім інвалідам. Навошта гэтага фэльчара выклікаць? Вяскоўцы настолькі цярплівыя, што калі ўжо прыцісьне перад сьмерцю, толькі тады яны дапамогі просяць”, — распавяла прадстаўніца Шаркаўшчынскага адзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Сафія Табола.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG