Сябры незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр” распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у маршы “За лепшае жыцьцё”, які мае адбыцца 12 сакавіка. Улёткі раздавалі мінакам і раскідвалі ў паштовыя скрыні.
На вуліцы Захарава супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну затрымалі шасьцёх чалавек — Аляксандра Паўловіча, Ігара Віньнікава, Ганну Ягораву, Сяргея Іванчанку, Міхася Сяўчука і Зьмітра Лебедзева. На ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Улёткі канфіскавалі, а юнакоў, пратрымаўшы тры гадзіны ў пастарунку, адпусьцілі.
Уначы ў Савецкі аддзел міліцыі прывезьлі восем чалавек, у тым ліку Вікторыю Купчанку і Яўгена Афнагеля. Міліцыянты доўга раіліся са сваім кіраўніцтвам, што рабіць з затрыманымі. У выніку ўлёткі канфіскавалі, а саміх адпусьцілі, паабяцаўшы, што наступным разам, калі зноў затрымаюць, складуць пратаколы.
У міліцэйскім пастарунку Ленінскага раёну Менску ўтрымлівалі больш за дзьве гадзіны восем сяброў “Зубру”. Усе яны студэнты. Сярод іх Павал Юхневіч і Раман Купрын. Міліцыянты склалі на ўсіх пратаколы, прычым паводле розных артыкулаў. Улёткі канфіскавалі, а спэцвыпуск газэты вярнулі.
Каардынатар моладзевага руху “Зубр” Цімафей Дранчук паведаміў Радыё Свабода, што міліцыянты атрымалі загад ад свайго кіраўніцтва затрымліваць распаўсюднікаў улётак з заклікамі ўзяць удзел у вулічнай акцыі.
(Дранчук: ) “Тое, што міліцыянты толькі за апошнія суткі затрымалі больш за дваццаць актывістаў руху супраціву “Зубр”, сьведчыць на тое, што ўлады вельмі баяцца народнага маршу. Міліцыянты не ўтойваюць, што яны атрымалі загад лавіць людзей, актывістаў “Зубра” толькі за тое, што яны распаўсюджваюць улёткі й раздаюць мінакам газэты пра народны марш. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады сапраўды баяцца народнага маршу. Гэтая акцыя адрозьніваецца ад усіх астатніх. Яна прысьвечаная сацыяльным праблемам, якія ёсьць у большасьці грамадзянаў. У нас толькі сацыяльныя патрабаваньні, а яны супадаюць з патрабаваньнямі большасьці слаёў насельніцтва”.
Сябры моладзевага руху “Зубр” толькі пачалі кампанію распаўсюду ўлётак. Мяркуецца, што яна будзе весьціся да 12 сакавіка — дня, на які прызначаны марш пратэсту супраць галечы.