Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ АБЯЦАЕ ПОЛЬШЧЫ ТОЛЬКІ ВІЗАВУЮ “СЫМЭТРЫЮ”


Юры Сьвірко, Менск

Прапанова польскага боку захаваць бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь для грамадзянаў Польшчы ў абмен на бясплатныя візы для беларускіх грамадзянаў не знаходзіць разуменьня ў афіцыйным Менску. Дыпляматычнае ведамства заяўляе, што беларускія грамадзяне не зразумеюць такой “асымэтрыі”.

Афіцыйны прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных заявіў на брыфінгу:

(Савіных: ) “Беларускі бок разглядае ўсе варыянты, у тым ліку й гэты варыянт асымэтрычнага ўвядзеньня візаў. Тым ня менш, рашэньне будзе прынятае пазьней. Хачу сказаць, што беларускі бок грунтуе сваю пазыцыю на прынцыпе ўзаемнасьці, які значыць, што для грамадзян Рэспублікі Польшча, якія маюць намер уехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, будзе зроблены такі самы рэжым уезду, як і для беларусаў, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Польшчы”.

Паводле кіраўніка консульскае ўправы беларускага МЗС Васіля Жлутко, пра візавы рэжым зь бясплатнымі візамі для грамадзян як Беларусі, гэтак і Польшчы размовы на кансультацыях пакуль не было. “Прынамсі, ад польскага боку мы такіх прапановаў не атрымлівалі”, — сказаў спадар Жлутко. Аднак не выключаецца, што менавіта такі рэжым як кампрамісны можа быць уведзены з 1 ліпеня.

Таксама з 1 ліпеня — якраз ад таго дня, калі ўводзіць візы Польшча, Масква прапаноўвала Кіеву для ўзаемных паездак грамадзянаў Расеі ды Ўкраіны патрабаваць ад іх замежныя пашпарты. У чацьвер прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч абвесьціў, што рэжым паездак украінскіх і расейскіх грамадзянаў толькі з замежнымі пашпартамі можа быць уведзены з 1 студзеня 2004 году. Паводле ўкраінскага прэм’ера, расейскі бок пагадзіўся з гэтай прапановай.

А што будзе з паездкамі беларусаў на тэрыторыю Ўкраіны ды ўкраінцаў у Беларусь? У беларускім МЗС кажуць, што з Кіева пакуль ніякіх новых прапановаў не прыходзіла, дзейнічае пагадненьне аб паездках з усімі тыпамі пашпартоў, у тым ліку ўнутранымі. Я папрасіў консула Ўкраіны ў Менску Ўладзімера Кірылюка пракамэнтаваць цяперашнюю сытуацыю:

(Кірылюк: ) “Пакуль застаецца старой, як была. Будуць праведзеныя неўзабаве консульскія кансультацыі, і там будзе дамоўлена. Гэта кіраўніцтва Міністэрства замежных справаў і дзяржава прымае рашэньне. Але пакуль зь беларускім бокам дзейнічаюць старыя дамоўленасьці”.

Аднак Украіна наўрад ці захоча мець розныя рэжымы паездак з Расеяй і зь Беларусьсю. Таму беларускім грамадзянам трэба рыхтавацца да таго, што ўжо з наступнага году без замежнага пашпарту ва Ўкраіну ня пусьцяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG