Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНЦКІ ДЭКРЭТ №4 “АБ АДЗІНЫМ ПАДАТКУ ДЛЯ ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ” МОЖА БЫЦЬ ПЕРАГЛЕДЖАНЫ


Анастасія Раковіч, Менск

Самым жорсткім палажэньнем прэзыдэнцкага дэкрэту, што пачынае дзейнічаць з 1 сакавіка, зьяўляецца абмежаваньне колькасьці працаўнікоў, якіх могуць наймаць індывідуальныя прадпрымальнікі, да трох чалавек. Раней індывідуалы маглі наймаць да 33-х чалавек у сыстэме гандлю і да сотні — у вытворчай сфэры. Пры гэтым яны плацілі адносна невысокую фіксаваную стаўку падатку, што быццам бы ставіла іх у больш выгадныя ўмовы, чым юрыдычных асобаў. Цяпер правілы гульні нібыта сталі аднолькавымі. Падобнае меркаваньне нядаўна выказваў міністар па падатках і зборах Канстанцін Сумар.

Але ёсьць нюансы, якія не дазваляюць назваць чацьверты дэкрэт справядлівым, асабліва ў дачыненьні да дробных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках. Гаворыць прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “Калі тры — абсалютная лічба, то гэта ідыятызм, бо тады пад дэкрэт падпадаюць усе “сэзоньнікі”. Некаторыя прадпрымальнікі толькі на сэзон набіраюць дзесяць рэалізатараў, а ў астатнія месяцы працуюць адны. Таму можна ўвесьці фармулёўку “сярэдняя колькасьць наёмных працаўнікоў за год”. Да таго ж, я настойваў на тым, што ў такой форме гэта вельмі крымінагенны факт, бо ён спараджае ценявыя выплаты і мэханізмы фіктыўнага афармленьня. І самі высокія чыноўнікі ў кулюарных размовах даюць парады, як можна аформіць працаўніка ў абыход прэзыдэнцкага дэкрэту”.

Паводле спадара Патупы, прадстаўнікі ўраду пачынаюць разумець, што гэты дэкрэт далёкі ад дасканаласьці, і гэта дае спадзеў на перагляд дакумэнту. Хоць прадпрымальнікам давядзецца змагацца за адмену дэкрэту. Індывідуальная прадпрымальніца Кацярына Чыжык, што таксама прысутнічала на сёньняшнім паседжаньні рады, выказала сваё меркаваньне на гэты конт:

(Чыжык: ) “Насамрэч лабіруюцца інтарэсы буйнога бізнэсу і дзяржаўнага гандлю. У часе паседжаньня рады выступалі прадстаўнікі розных аблвыканкамаў і казалі, што прадпрымальнікі іх задушылі, і таму ў дзяржгандлі зьніжаецца таваразварот. Яны лічаць, што індывідуальных прадпрымальнікаў трэба ў падаткаабкладаньні ўзьняць да таго ж ўзроўню, на якім знаходзяцца сёньня буйныя гандлёвыя прадпрыемствы”.

Адметны факт: у Міжведамасную раду ў справе каардынацыі працы рынкаў уваходзіць больш за дваццаць урадавых чыноўнікаў і толькі адзін прадстаўнік прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў — Аляксандар Патупа.

Між тым, на пачатак сакавіка ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі дробныя прадпрымальнікі заплянавалі шэраг акцыяў пратэсту з патрабаваньнем адмяніць прэзыдэнцкі дэкрэт №4.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG