Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ МЕНЧУКІ НЯ ВЕДАЮЦЬ ПРА КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ Й ПРА ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ ОРГАНЫ ЎЛАДЫ


Галіна Абакунчык, Менск

За чатыры дні да галасаваньня многія грамадзяне ня ведаюць ня толькі кандыдатаў у дэпутаты, але і пра тое, што ў нядзелю, 2 сакавіка, адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы. Некаторыя ня вераць у выніковасьць гэтых выбараў.

(Карэспандэнтка: ) “Якая грамадзка-палітычная падзея адбудзецца ў найбліжэйшыя выхадныя дні?”

(Спадарыня: ) “Выбары ў думу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце сваіх кандыдатаў у дэпутаты?”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, бо я лічу, што нічога ня зьменіцца, паколькі нашая краіна вельмі нерухомая ў палітычных адносінах. І калі будуць нейкія зьмены, то невядома калі, але я ня думаю, што ў зьвязку з гэтымі выбарамі”.

(Спадарыня: ) “У наступныя выхадныя? Быццам ведаю: 23-га прайшло, значыць 8 сакавіка. Так?”

(Карэспандэнтка: ) “Выбары ў мясцовыя саветы”.

(Спадарыня: ) “А-а-а. Выбары”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце якіх-небудзь кандыдатаў?”

(Спадарыня: ) “Шмат іх там, але за каго буду галасаваць яшчэ й ня ведаю, ня выбрала яшчэ”.

(Карэспандэнтка: ) “Пра выбары чулі што-небудзь?”

(Спадар: ) “Я гэтым не цікаўлюся. Ня веру ў выбары, а таму й не цікаўлюся”.

(Спадар: ) “Будуць выбары ў мясцовыя органы ўлады. Кандыдатаў сваіх ня ведаю, бо нічога яны не дапамогуць. Адны ёсьць, прыйдуць новыя, але людзям ад гэтага жыць лягчэй ня стане”.

Частка апытаных казала, што яны абавязкова пойдуць галасаваць, хоць сярод іх далёка ня ўсе ведаюць пра кандыдатаў у сваіх акругах.

(Спадарыня: ) “У гэтыя выходныя адбудуцца выбары ў мясцовыя органы ўлады, а ў якія менавіта дакладна сказаць не магу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы сваіх кандыдатаў?”

(Спадарыня: ) “Ведаю аднаго, бо ён выкладчык нашага ўнівэрсытэту. Пэўна, мы, студэнты яго й падтрымаем”.

(Спадарыня: ) “Выбары ў гарадзкі й раённыя саветы дэпутатаў. Галасаваць пайду абавязкова, каб жыцьцё сталася лепшым і больш справядлівым”.

(Спадарыня: ) “Я мала што ведаю, але канечне ж пайду галасаваць. Я зь Любані, дык там у нас свае, мясцовыя, я іх ведаю”.

(Спадарыня: ) “Ведаю, што будуць выбары ў мясцовыя саветы — пайду й прагаласую”.

(Карэспандэнтка: ) “А за каго?”

(Спадарыня: ) “Вось гэтага яшчэ й ня ведаю. Там пагляджу й выбяру за каго”.

Многія мінакі заявілі, што пра выбары ведаюць, але ня пойдуць на выбарчыя ўчасткі, бо лічаць мясцовыя саветы нядзеездольнымі й ня бачаць сэнсу ў выбарах.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце якая грамадзка-палітычная падзея адбудзецца ў наступныя выхадныя дні?”

(Спадар: ) “Выбары ж, пэўна”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія?”

(Спадар: ) “А я й ня ведаю, якія”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце якіх-небудзь кандыдатаў?”

(Спадар: ) “А-а-а-а. Ніякіх я ня ведаю. Няма ніякай пользы за каго галасаваць”.

(Спадар: ) “Выбары адбудуцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце сваіх кандыдатаў?”

(Спадар: ) “Ня ведаю й галасаваць за іх ня буду, бо яны нічога ня робяць для народу”.

(Спадар: ) “Ну, ведаю, што адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце сваіх кандыдатаў?”

(Спадар: ) “Ня ведаю й ведаць не хачу. Таму што нічога яны ня зробяць і нічога не памяняецца, а ад майго голасу мала што залежыць”.

Гэтак у першы дзень галасаваньня пра выбары ў мясцовыя саветы выказваліся мінакі на вуліцах Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG