Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ БОЛЬШ ЗА 300 ФІРМАЎ З УДЗЕЛАМ ПОЛЬСКАГА КАПІТАЛУ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле Юзэфа Лахоўскага, гісторыя польска-беларускага гаспадарчага супрацоўніцтва выглядае даволі нетыпова, бо на пачатку 90-х гадоў, калі гандлёвыя абароты Польшчы з краінамі былога СССР значна зьменшыліся, зь Беларусьсю якраз наадварот – узрасьлі. Аднак ужо пры канцы 1990-х сытуацыя значна пагоршылася. І толькі летась, паводле спадара Лахоўскага, польска-беларускае эканамічнае супрацоўніцтва пачало паволі ажыўляцца. Гаворыць Юзэф Лахоўскі:

(Лахоўскі: ) “Адным з элемэнтаў супрацоўніцтва, які ёсьць у пэўнай ступені сымбалічным, ёсьць мост праз Буг, які сёлета пачнуць будаваць разам беларускія і польскія фірмы. Кампаніі з Польшчы таксама будуць будаваць і рэмантаваць беларускія прадпрыемствы энэргетычнай галіны. Яшчэ польскія фірмы прапаноўваюць беларускім калегам у рэвалюцыйны спосаб зьмяніць перапрацоўку малака і мяса, каб, прыкладам, з малака рабіць добрыя канчатковыя прадукты, як гэта робіцца ў нас. Фірмы з Польшчы хочуць заінвэставаць у гэта некалькі мільёнаў даляраў, але ёсьць праблемы зь беларускім рынкам малака – на ім дагэтуль дзяржава рэгулюе кошты. А без падставовых элемэнтаў свабоднага рынку немагчыма будаваць прамысловасьць рынкавага тыпу”.

Паводле Юзэфа Лахоўскага, за апошнія некалькі гадоў, у пэўным сэнсе, польскім фірмам стала лягчэй рабіць бізнэс у Беларусі. Прыкладам, прасьцейшымі сталі банкаўскія разьлікі зь беларускімі партнэрамі. У Польшчы зьявілася першая страхавая фірма, якая, як сказаў спадар Лахоўскі, “адважылася” забясьпечваць кантракты зь беларускімі фірмамі. Аднак сказаць, што польскія фірмы ахвотна інвэстуюць у Беларусі, зусім нельга. Я запытаўся ў Юзэфа Лахоўскага, чаго, перадусім асьцерагаюцца польскія бізнэсоўцы і ці зьвязаныя іхныя асьцярогі з розьніцай эканамічных сыстэмаў у Польшчы і Беларусі?

(Лахоўскі: ) “Напэўна, асьцярогі нашых бізнэсоўцаў могуць быць зьвязаныя, напыклад, зь дзяржаўным рэгуляваньнем коштаў некаторых прадуктаў, пра што я ўжо казаў. Калі на рынку нельга свабодна купіць малако, бо яго купляе і разьмяркоўвае дзяржава, як у Польшчы за камуністычных часоў, дык гэта ёсьць натуральным бар’ерам для разьвіцьця перапрацоўчай прамысловасьці. Аднак, па вялікім рахунку, такіх бар’ераў становіцца менш. Цяпер найвялікшай праблемай ёсьць бар’ер псыхалягічны.

У нашых сродках масавай інфармацыі Беларусь падаецца як дыктатарская краіна, і гэта ня можа не ўплываць на бізнэс. Бізнэсоўцы баяцца, што на другі дзень пасьля адкрыцьця фірмы ў Беларусі будзе выдадзены дэкрэт і фірму забяруць. Але насамрэч, мы ня маем такіх прыкладаў, каб у польскіх прадпрымальнікаў штосьці беларускія ўлады праз дэкрэт адабралі ці нешта забаранілі.

Яшэ адна вельмі важная праблема – гэта мэнталітэт нашых беларусіх партнэраў у падыходзе да бізнэсу, які часта адстае ад узроўню тэхнікі, якой яны валодаюць. Нават маючы сапраўды добрую тэхніку, беларусы часта не разумеюць, што трэба добра запакаваць тавар, своечасова яго даставіць партнэрам і што якасьць тавару ўвесь час мусіць быць аднолькавая. Гэткую мэнтальнасьць вельмі цяжка пераламаць, і гэта ёсьць адной з галоўных праблемаў у супрацоўніцтве з партнэрамі зь Беларусі”.

Як вядома, замежныя бізнэсоўцы, што працуюць у Беларусі, часта скардзяцца на незразумелае заканадаўства і бюракратыю. А як беларускія законы выглядаюць у вачох польскіх бізнэсоўцаў? Працягвае Юзэф Лахоўскі:

(Лахоўскі: ) “Заканадаўства ніколі ня ёсьць дасканалым, але ў Беларусі яно вельмі часта мяняецца. Мы часам нават не пасьпяваем інфармаваць нашых партнэраў пра тое, што ў Беларусі зноў вынайшлі нейкі спосаб на ахову свайго рынку ці яшчэ што. Дарэчы, тое самае было і ў Польшчы, у тыя часы, калі на нашым рынку не хапала тавараў – улады забаранялі вываз, ці рабілі іншыя, па вялікім рахунку, неэфэктыўныя захады, каб выратаваць свой аўтарытэт. Гэтаксама ратуюць свой аўтарытэт і ўлады Беларусі. Але некаторыя абмежаваньні нам незразумелыя.

Калі б у Беларусі існаваў вольны рынак, дык замежным бізнэсоўцам было б лягчэй там працаваць, але ўжо цяпер шмат якія галіны беларускай эканомікі даступныя для канкурэнтнай рынкавай гаспадаркі”.

Паводле словаў Юзэфа Лахоўскага, уваход Польшчы ў Эўразьвяз не дадасьць вялікіх праблемаў беларуска-польскім эканамічных дачыненьням, а зробіць Польшчу больш прывабнай для беларускіх прадпрымальнікаў. На сёньняшні дзень у Польшчы працуе толькі 40 беларускіх фірмаў. Для параўнаньня, фірмаў з удзелам польскага капіталу ў Беларусі – больш за 300.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG