Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER RUNDSCHAU”: ПАЗЫЦЫІ БЕЛАРУСКАГА АЎТАКРАТА ПАСТУПОВА СТАНОВЯЦЦА ЎСЁ МЕНШ МОЦНЫМІ


Ул. інф.

Як піша выданьне, маючае адбыцца ў 2004 пашырэньне Эўразьвязу на ўсход і агульныя межы з такім новым суседам як Беларусь ня можа пакінуць абыякавымі брусэльскіх палітыкаў. Канечне ж, аб’яднанай Эўропе хацелася бы бачыць у гэтым суседзе краіну, якая рухаецца ў бок прававой дзяржавы з рынкавай эканомікай. На якое разьвіцьцё Беларусі трэба разьлічваць насамрэч?

Паводле Гайнца Тымэрмана, колішнія амбіцыі Лукашэнкі, ягоныя надзеі на лідэрства ў адзінай славянскай дзяржаве, такія арганічныя ў часы Ельцына, пацярпелі поўнае фіяска пры Пуціне. Канечне, інтэграцыйная рыторыка па-ранейшаму застаецца адным з галоўных складнікаў як унутранай, так і зьнешняй палітыкі афіцыйнага Менску. Аднак рэальныя пазыцыі беларускага аўтакрата нават унутры сваёй краіны паступова становяцца ўсё менш моцнымі. Захаваньню былога статус кво перашкаджае многае. Ненадзейнай аказалася намэнклятура, шмат небясьпекаў тоіць эканамічны стан краіны дый эмансыпацыйныя хістаньні ў шэрагах дэпутатаў Нацыянальнага сходу.

Усе гэтыя моманты, безумоўна, наносяць страты ўладзе і вядуць да далейшага павелічэньня гэтак званай крытычнай масы. Нездарма ў Маскве актыўна цыркулююць чуткі пра нэўтралізацыю неадэкватнага Лукашэнкі й пра пошук адпаведнай альтэрнатывы гэтаму кіраўніку.

Безумоўна, Лукашэнка валодае сытуацыяй і рэагуе на яе надзвычай нэрвова. Ён публічна заяўляе, што супраць яго дзейнічаюць ня толькі заходнія, але і расейскія агенты. Скандал, выкліканы дэпартацыяй зь Менску лідэра расейскіх правых Барыса Нямцова, ёсьць простым пацьверджаньнем менскага псыхозу. Усе пратэсты высокіх расейскіх палітыкаў, спасылкі на тое, што ў адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі грамадзяне Расеі й Беларусі могуць бесьперашкодна знаходзіцца ў абедзьвюх дзяржавах, не знайшлі адпаведнага водгуку з боку беларускага кіраўніцтва.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, сёньня беларускі лідэр наўрад ці можа разьлічваць на падтрымку Пуціна, асабліва ў правядзеньні тых зьменаў беларускай Канстытуцыі, якія гарантавалі бы Лукашэнку трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

Паводле Гайнца Тымэрмана, распрацоўваючы стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю, заходнія палітыкі мусяць рабіць стаўку на абвастрэньне беларуска-расейскіх сувязяў. Брусэлю трэба быць падрыхтаваным да некалькіх варыянтаў разьвіцьця беларускай сытуацыі, уключна зь мірнай зьменай рэжыму. Падставай для апошняга меркаваньня зьяўляюцца выказваньні старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму Вешнякова пра захаваньне ў абедзьвюх краінах тых дэмакратычных прынцыпаў, якія гарантуюць магчымасьці зьмены ўраду.

Гэтак званыя туманна-інтэграцыйныя прапановы Пуціна адносна аб’яднаньня на фэдэратыўнай аснове альбо паводле мадэлі Эўразьвязу ў большай ступені разьлічаныя на дыскрэдытацыю “галоўнага інтэгратара”, чым на фактычнае стварэньне саюзнай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG