Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ АДБЫЎСЯ МІТЫНГ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ, НЯ ЗГОДНЫХ З АПОШНІМІ ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ДЭКРЭТАМІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Нягледзячы на тое, што сёньняшні прадпрымальніцкі мітынг быў санкцыянаваны мясцовымі ўладамі й ягоныя ўдзельнікі прадэкляравалі, што палітычных пытаньняў яны закранаць ня будуць, усе прамоўцы міжволі схіляліся да крытыкі цяперашняга ўраду ды самога Аляксандра Лукашэнкі.

Да гэтага вымушала сама тэма імпрэзы — пратэст супраць апошніх прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, у прыватнасьці, дэкрэтаў №3 ды №4, згодна зь якімі прадпрымальнікі мусіць плаціць яшчэ большыя падаткі ў дзяржаўны бюджэт. Гаворыць прадпрымальніца з полацкага рынку абласнога цэнтру:

(Прадпрымальніца: ) “Мы маўчым, мы прызвычаіліся быць паслухмянымі. Але ўжо надышоў час запытацца ў нашага ўраду: якая ў яго мэта? Загнаць прадпрымальнікаў у жабрацтва? Калі так, то навошта нам такі ўрад? Мы маем поўнае права задаць гэтае пытаньне, бо гэтыя людзі вырашаюць за нас нашыя лёсы ды лёсы нашых дзяцей!”

Напярэдадні мясцовых выбараў прадпрымальнікі вырашылі зьвярнуцца са сваімі праблемамі й да дэпутатаў мясцовых саветаў — як цяперашніх, так і будучых. Якраз сёньня ў Віцебску прайшла чарговая сэсія аблсавету, дзе абмяркоўваліся стаўкі падаткаў. І цяперашнія дэпутаты прызналі ўсе сумы падаткаў цалкам прымальнымі.

Аднак сёньняшні мітынг засьведчыў, што прадпрымальнікі маюць зусім іншыя меркаваньні: усе выступоўцы выказаліся катэгарычна супраць далейшага павелічэньня падаткаў, ды прызналі, што надышоў час больш рашучых дзеяньняў дзеля абароны сваіх правоў.

У сувязі з гэтым удзельнікі мітынгу прынялі адмысловую рэзалюцыю, дзе выказаліся за адмену апошніх прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, а таксама шэрагу пастановаў Віцебскага аблвыканкаму, якія таксама ўскладняюць працу рынкавых прадпрымальнікаў.

Рэзалюцыя мае 16 пунктаў, кожны зь якіх ёсьць асобным патрабаваньнем віцебскіх прадпрымальнікаў. Калі яны ня будуць выкананыя, прадпрымальнікі Віцебшчыны працягнуць акцыі пратэсту: 12 сакавіка адбудзецца папераджальны, а з 1 красавіка — бестэрміновы страйк на ўсіх рынках Віцебску, Воршы, Полацку ды Новаполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG