Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНЗУРА НЕ ДАЗВОЛІЛА ДЗЯРЖАЎНЫМ СМІ РАСПАЎСЮДЗІЦЬ АФІЦЫЙНУЮ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ПРЫЗНАНЬНЕ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ Ў ПА АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск

Паводле віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва, з усіх вышэйшых службовых асобаў дэлегацыю Нацыянальнага сходу павіншаваў з прызнаньнем у АБСЭ толькі Ўрал Латыпаў, кіраўнік прэзыдэнцкае адміністрацыі. Аднак гэтая ж адміністрацыя забараніла дзяржаўным мас-мэдыям даваць падрабязнасьці падзеяў на венскай сесіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, куды Нацыянальны сход імкнуўся патрапіць з 1997 году. Спадар Канаплёў нават заявіў:

(Канаплёў: ) “Што да нашага Беларускага паважанага тэлебачаньня, дык добра, што я яго не глядзеў. Яны вельмі ляканічныя, малайчыны — сказалі пра Нацыянальны сход роўна шэсьць словаў за шэсьць гадоў, з 1997 па гэты час. І я ім удзячны за такую вялікую “падтрымку” нашай міжнароднай дзейнасьці, нашага парлямэнту. Дзякуючы такой інфармацыі, я думаю, мы станем усім вядомымі. Я вам скажу словамі аднаго чалавека (ня буду называць ягонага прозьвішча), які сказаў: “Дзякаваць Богу, што мы маем незалежную прэсу, ад якой я даведаўся тое, што адбылося”. Наша паважаная “Народная газета” абмежавалася двума радкамі”.

Уладзімер Канаплёў мяркуе, што забароны друкаваць інфармацыю зь Вены не было. Аднак стала вядома, што прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў яшчэ ў чацьвер падрыхтавала даволі падрабязную справаздачу, якую даслала ўсім дзяржаўным газетам. Гэтая справаздача выйшла толькі ў газэце “Белорусская ніва”, адкуль яе не пасьпела зьняць цэнзура. Нават парлямэнцкім выданьням — “Звяздзе” і “Народнай газеце” — апублікаваць інфармацыю прэсавай службы Палаты прадстаўнікоў нехта не дазволіў.

Мажліва, сам гэты факт адаб’ецца на стаўленьні ў Эўропе да Нацыянальнага сходу, якому не дазваляюць карыстацца сваімі ж газэтамі.

Прынамсі, Уладзімер Канаплёў на пытаньне, ці прызнаюць беларускі Нацыянальны сход падчас найбліжэйшай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры, адказаў гэтак:

(Канаплёў: ) “Я ня буду рабіць пазытыўных высноваў у тым пляне, што ў красавіку нас павінны — раз ужо ў АБСЭ прынялі, дык і туды прыняць. Не. Я вельмі добра ведаю абстаноўку. Ведаю, якія патрабаваньні яны нам прад’яўляюць. Ведаю, што мы можам зрабіць, а што — ня можам. І думаю, што гэтае пытаньне ня будзе вырашанае на красавіцкай сэсіі”.

Думку спадара Канаплёва падзяляе ягоны калега па Палаце прадстаўнікоў Іван Пашкевіч, які кажа:

(Пашкевіч: ) “Прызнаньне Палаты прадстаўнікоў міжнароднымі структурамі было нечаканым ня толькі для апазыцыі, але й для дзейнай улады. Апошняя правільна заўважыла ў гэтым нейкія таямнічыя крокі, якія наперадзе яшчэ будуць зробленыя парлямэнцкімі структурамі. Вось гэтай разгубленасьцю я тлумачу тое, што гэтая інфармацыя ня трапіла ў дзяржаўныя СМІ”.

Дэпутат Пашкевіч мяркуе, што Захад будзе спрабаваць выкарыстоўваць Нацыянальны сход як процівагу Аляксандру Лукашэнку, якому гэта недаспадобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG