Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЎПЛЫВАЕ РАШЭНЬНЕ ПА АБСЭ АБ ПРЫЗНАНЬНІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ НА ЎНУТРЫПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ Ў БЕЛАРУСІ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд, пісьменьнік і журналіст Сямён Букчын.

(Валер Карбалевіч: ) “Рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аб прызнаньні Нацыянальнага сходу Беларусі гэта значная падзея ў стасунках паміж Беларусьсю і Эўропай, Беларусьсю і Захадам. Гэта пачатак нейкай новай тактыкі, а магчыма і стратэгіі міжнародных арганізацыяў у адносінах да Менску. Але ў гэтым рашэньні ёсьць унутрыпалітычны аспэкт. Які ўплыў — пазытыўны ці нэгатыўны будзе мець гэтае прызнаньне на грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі? Якая тактыка найбольш эфэктыўная дзеля вырашэньня задачы дэмакратычнай трансфармацыі дыктатарскіх рэжымаў: ізаляцыя ці спробы ўплываць на іх з дапамогай інтэграцыі ў міжнародныя структуры? Існуюць розныя меркаваньні на гэты конт і сярод экспэртаў, і ў асяродзьдзі апазыцыі.

Перш за ўсё, як зьменіцца статус, месца і роля Нацыянальнага сходу ў палітычным жыцьці Беларусі пасьля прызнаньня яго паўнапраўным сябром Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ? Існуе пункт гледжаньня, якога, як я разумею, прытрымліваецца наш сёньняшні суразмоўца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд, што міжнародная легітымізацыя будзе садзейнічаць павышэньню ролі Нацыянальнага сходу, актывізацыі дзейнасьці дэпутатаў у кірунку адстойваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў. І вось Нацыянальны сход прызнаны. Што далей? Ці можна чакаць нейкіх зьменаў у пазыцыі дэпутатаў? Якая верагоднасьць таго, што вашыя прагнозы, спадар Навасяд, збудуцца?”

(Уладзімер Навасяд: ) “Я заўсёды выступаў за тое, кап Палата прадстаўнікоў мела свой статус ў АБСЭ. Я лічу, што нават у тых спэцыфічных умовах, якія існуюць у Беларусі, Палата прадстаўнікоў магла бы стаць восьсю, якая б аб’ядноўвала альтэрнатыўныя выканаўчай уладзе палітычныя колы. Але на сёньняшні дзень можна канстатаваць, што прайшло больш за два гады працы гэтага складу Палаты прадстаўнікоў. Да новых выбараў засталося трохі больш за год. У такіх умовах гэтае міжнароднае прызнаньне радыкальна не паўплывае на працу Палаты прадстаўнікоў. Для дэпутатаў галоўнае зараз — гэта праца ў агругах, дзе яны былі абраныя”.

(Сямён Букчын: ) “Мне хацелася б напачатку трохі сказаць пра агульнае ўспрыняцьцё гэтага рашэньня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аб прызнаньні Нацыянальнага сходу Беларусі. Яно трохі супярэчлівае. З аднаго боку, ну што ж гэта робіцца? Захад легалізуе гэтую ўладу. Зь іншага боку, ці дала нейкі плён ізаляцыя Беларусі на працягу некалькіх гадоў? Пры значнай палітычнай і эканамічнай падтрымцы з боку Расеі ўлада ўмацавалася і адчувае сябе ўстойліва. Што рабіць у такіх абставінах Захаду?

Мы ведаем, што такое сёньняшні беларускі Нацыянальны сход, хто там засядае, і хто якую займае пазыцыю. Мне здаецца, што на тую большасьць, якая галасуе згодна загадам кіраўніка дзяржавы, нічога не паўплывае.

Але існуе невялікая частка дэпутатаў, у першую чаргу група “Рэспубліка” Фралова, якая апануе выканаўчай уладзе. На іх адбываецца вялікі ціск. Зь іх заяваў бачна, што яны баяцца за сваё жыцьцё, здароўе. Дык вось, зараз яны могуць адчуваць сябе больш упэўнена. Яны могуць паехаць на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, наладзіць кантакты з эўрапейскімі парлямэнтарамі. Гэтая структура будзе ажыцьцяўляць пэўны кантроль за дзейнасьцю Нацыянальнага сходу, за магчымасьцю згаданых дэпутатаў выказваць свае думкі.

Такім чынам, некаторым з дэпутатаў, якія імкнуцца праводзіць — не скажу нават незалежную, але больш-менш прыстойную палітыку, у пэўнай ступені дапаможа новы міжнародны статус Нацыянальнага сходу”.

(Карбалевіч: ) “Выкажу сваю думку. Што тычыцца становішча дэпутатаў групы “Рэспубліка”, то я магу пагадзіцца з вашай ацэнкаю. Але, што датычыць большасьці дэпутатаў, то, на мой погляд, іх звышляяльнасьць да выканаўчай улады мае прагматычную матывацыю. І таму малаверагодна, што міжнароднае прызнаньне Нацыянальнага сходу неяк паўплывае на яго дзейнасьць.

А якія наступствы можа мець рашэньне Парлямэнцкай Асемблеі АБСЭ для палітыкі кіраўніцтва Беларусі? Які сыгнал атрымаў Лукашэнка зь Вены? Што можна беспакарана рабіць унутры краіны што заўгодна, усё роўна Эўропа прызнае, нікуды ня дзенецца? Ці наадварот, гэтае рашэньне падштурхне яго да больш цывілізаванай палітыкі? Як усё гэта паўплывае на мясцовыя выбары, якія адбудуцца амаль праз тыдзень?”

(Навасяд: ) “Ніякіх пасылаў выканаўчай уладзе Эўропа не дала. Іншая справа, як гэта зразумее нашая ўлада. Здаецца, што яна будзе рабіць тое, што рабіла і раней. Гэта добра бачна на прыкладзе мясцовых выбараў.

Складваецца ўражаньне, што ўлада сама не чакала такога павароту падзеяў на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Таму рэакцыя вельмі вялая. Я лічу, што кіраўнік дзяржавы ня вельмі быў і зацікаўлены ў міжнародным прызнаньні Палаты прадстаўнікоў. Таму што пры новым статусе яна становіцца суб’ектам палітыкі ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе. А з пункту гледжаньня Лукашэнкі, толькі ён сам можа быць такім суб’ектам”.

(Букчын: ) “Мне здаецца, ставіць пытаньне менавіта так — альбо гэтае рашэньне дасьць большую волю Лукашэнку ў яго антыдэмакратычных аўтарытарных дзеяньнях, альбо, наадварот, будзе садзейнічаць дэмакратьызацыі Беларусі, гэта трохі спрашчэньне сытуацыі.

Безумоўна, ва ўлады існуе адчуваньне пэўнай перамогі. Гэтае рашэньне дае магчымасьць пашырыць, зрабіць больш значнай, уплывовай, разнастайнай сваю гульню на палітычным полі. Лукашэнка паспрабуе нейкім чынам выкарыстоўваць новую сытуацыю. З аднаго боку, ён не аддасьць і будзе па-ранейшаму карыстацца тым, што ўжо заваяваў, то бок сваімі аўтарытарнымі пазыцыямі. Але адначасова, кіраўнік Беларусі будзе падаваць пэўныя знакі Захаду. У Лукашэнкі павялічыліся магчымасьці для палітычнага манэўру”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, прызнаньне Нацыянальнага сходу запэўніць Лукашэнку ў правільнасьці той палітыкі, якую ён праводзіў дагэтуль. Аб гэтым сьведчыць увесь папярэдні вопыт стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Любыя саступкі з боку заходніх краінаў ён разглядае як сьведчаньне слабасьці суперніка. А навошта лічыцца са слабым? Навошта рабіць нейкі дэмакратычны антураж падчас мясцовых выбараў, калі ўсё роўна рана ці позна Эўропа іх прызнае? Тое ж самае можна сказаць і адносна будучых рашэньняў па трэцім тэрміне Лукашэнкі.

Большасьць лідэраў апазыцыі адзначыла рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ як паразу беларускай дэмакратыі. На іх думку, гэта створыць для апазыцыі больш цяжкія ўмовы працы. Але, з другога боку, зьніклі многія ілюзіі, што Эўропа зьможа эфэктыўна бараніць беларускую дэмакратыю. У адносінах да Расеі такія ілюзіі зьніклі даўно. А адносінах да Эўропы яны доўга захоўваліся. Магчыма, рэалістычны малюнак сытуацыі, нават ня вельмі прыемны, лепш, чым ілюзіі? На вашую думку, які ўплыў на стан, стратэгію і тактыку апазыцыі акажа рашэньне ў Вене?”

(Навасяд: ) “Я прымаў удзел у мінулых мясцовых выбарах, потым у выбарах у Палату прадстаўнікоў. І такія ілюзіі ў мяне прайшлі тры гады назад. Практычная публічная палітыка на Радзіме — гэта і ёсьць падмурак будучых дэмакратычных зьменаў. Любая дэмакратычная сіла пасьля такіх падзеяў павінна зрабіць карэктывы ў сваёй тактыцы ці стратэгіі”.

(Карбалевіч: ) “Урэшце, як бы вы ацанілі гэтае рашэньне ў Вене: як паразу беларускай дэмакратыі ці як перамогу беларускай дэмакратыі?”

(Навасяд: ) “Я мяркую, што гэта перамога здаровага сэнсу. Новая сытуацыя падштурхне палітычныя партыі рухацца ў правільным кірунку”.

(Букчын: ) “Апазыцыя ўжо даўно павінна была зразумець, што Эўропа заўсёды мела свае інтарэсы. Заходнеэўрапескія палітыкі ня раз памыляліся. Мы ведаем, як моцна яны памыліліся ў канцы 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Заходняя Эўропа спрабуе перш за ўсё бараніць свае інтарэсы. Таму нельга гаварыць пра нейкую “здраду”, пра тое, што “здалі” беларускую дэмакратыю ці беларускую апазыцыю, якая імкнецца ўвасабляць гэтую дэмакратыю.

Захад ведае, што ў нас тут робіцца, ведае настроі нашага грамадзтва, цану нашай апазыцыі. Самае галоўнае — настрой нашага грамадзтва.

Я, дарэчы, лічу, што сёньня кіроўны рэжым мае пэўныя перавагі ва ўзьдзеяньні на грамадзтва. Ня толькі таму, што кантралюе СМІ. Значныя падзеі міжнароднага жыцьця апошняга часу працуюць на рэжым. Трагедыя ў ЗША 11 верасьня, тэрарыстычны захоп у Расеі уплываюць на стан грамадзкай сьвядомасьці. А Лукашэнка кажа: “А ў нас ціха, спакойна”. Ня толькі Лукашэнка добра зразумеў наш народ, а і Захад зразумеў”.

(Карбалевіч: ) “На вашую думку, якія карэктывы патрэбна ўносіць апазыцыі ў сваю стратэгію і тактыку пад уплывам гэтага рашэньня?”

(Букчын: ) “Апазыцыя — частка гэтага грамадзтва. Я ня схільны абвінавачваць яе ў нейкіх там праліках, што яна робіць нешта ня так, а трэба іншым чынам. Апазыцыя разьвіваецца і жыве разам з грамадзтвам. І яе сёньняшні стан адлюстроўвае стан гэтага грамадзтва: няўпэўненасьць, разубленасьць, грамадзкая пасіўнасьць. І я ня стаў бы нэшта раіць, рэкамэндаваць, даваць рэцэпты”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, нельга чакаць нейкага значнага і непасрэднага ўплыву рашэньня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аб прызнаньні Нацыянальнага сходу на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі. На дзяржаву, якая знаходзіцца ў стане міжнароднай самаізаляцыі, уплыў міжнародных арганізацыяў ня можа быць моцным. А вось нейкія доўгатэрміновыя, апасродкаваныя наступствы гэтага рашэньня зараз убачыць і спрагназаваць даволі цяжка. Ва ўсякім разе, пазытыўнага ўплыву ў хуткім часе ніхто не чакае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG