Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ ЧАКАЛІ АД БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ НЕЙКІХ КРОКАЎ НАПЕРАД, А ЯНЫ ЗРАБІЛІ КРОКІ НАЗАД”


Аляксандар Лукашук, Вена

(Лукашук: ) “Ці чакалі Вы такога выніку? Чаму Вы зь ім ня згодныя?”

(Сьміт: ) “Я ведаў, што перад намі стаяла цяжкая задача, і я не пагаджаюся з вынікам, бо ён нічым не абгрунтаваны. Сытуацыя з правамі чалавека, перасьлед кандыдатаў перад мясцовымі выбарамі, адсутнасьць рэформаў у выбарчым заканадаўстве, пастаянная няўвага да справы зьніклых – за гэта ўсё ўлады павінны несьці адказнасьць перад міжнароднай супольнасьцю, а мы іх да гэтага не прымусілі. Так што, учорашняе рашэньне выклікае расчараваньне. Але мы не пакінем справу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, я Вам гэта абяцаю. Што да выбараў 2004 году, дык мы хочам, каб яны былі свабодныя і справядлівыя – а калі Лукашэнка будзе працягваць свае дыктатарскія манэры, ён за гэта заплаціць”.

(Лукашук: ) “Якія станоўчыя вынікі можа мець учорашняя пастанова – калі яны наагул магчымыя?"

(Сьміт: ) “Я думаю, што нам перадусім трэба будзе змагацца з адмоўнымі наступствамі, якія ўзьнікнуць адразу. Напрыклад, Лукашэнка безумоўна абвесьціць гэта перамогай. Калі мы ня будзем пасьлядоўна дамагацца захаваньня правоў чалавека... Мы ж вызначылі чатыры ўмовы, якія хоць у нейкай ступені мусілі быць выкананыя, перш чым даваць месца Нацыянальнаму Сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі. Мы чакалі ад беларускіх уладаў нейкіх крокаў наперад, а яны наадварот зрабілі крокі назад – да яшчэ большай дыктатуры: перасьлед мясцовай незалежнай прэсы, перасьлед кандыдатаў на мясцовых выбарах. Усё гэта прымушае задумацца – чаго можна спадзявацца ад наступных выбараў у Нацыянальны Сход. Так што сытуацыя якраз толькі пагаршаецца. На маю думку, той факт, што палова Парлямэнцкай Асамблеі не хацела даць месца Нацыянальнаму Сходу або прынамсі прапанавала адкласьці вырашэньне гэтага пытаньня, сьведчыць пра пэўную салідарнасьць”.

(Лукашук: ) “Канадыйскі дэлегат узгадаў, што дэлегацыя Кубы была дапушчаная ў амэрыканскую асамблею. Ці гэта ня знак таго, што не існуе дэмакратычных спосабаў абыходжаньня з таталітарнымі рэжымамі – і застаецца толькі ім патураць?”

(Сьміт: ) “На маю думку, патураньне не спрацоўвае – асабліва калі не забывацца пра дысыдэнтаў, якія плацяць за яго сваёй крывёю і сядзяць у турмах. Напрыклад, сёньня на Кубе больш за 400 палітычных зьняволеных, шмат каго зь іх зьбівалі і катавалі. Гэта факт, а ня домыслы. Каб дапамагчы гэтым людзям, трэба супрацоўнічаць і салідарызавацца не з прыгнятальнікамі, а з прыгнечанымі. Мы мусім дзейнічаць на падставе пэўных прынцыпаў. Нельга думаць, што дапушчэньне Нацыянальнага Сходу ў Парлямэнцкую Асамблею неяк паспрыяе паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека. Хутчэй наадварот. Калі ня будзе адпаведнай рэакцыі або пакараньняў, яны будуць думаць, што можна працягваць і далей гэтыя парушэньні і нічога не баяцца”.

(Лукашук: ) “Больш за год мінула ад таго моманту, калі ў амэрыканскім кангрэсе быў запрапанаваны законапраект Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі. Які лёс гэтага законапраекту?”

(Сьміт: ) “Я зноў запрапанаваў гэты законапраект сёлета, і цяпер мы шукаем дадатковай падтрымкі. Мэта гэтага Акту: праз гранты ды іншыя сродкі дапамагчы грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі, сродкам масавай інфармацыі, каб прынамсі ўзьнікла магчымасьць таго, што будуць агучаныя і пачутыя альтэрнатыўныя погляды. Цяпер існуе аднапартыйная дыктатура – жорсткая і бязьлітасная – адна з найгоршых, якія толькі бачыў сьвет”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG