Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕКАТОРЫЯ ДЭПУТАТЫ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО ЛУКАШЭНКА НЕ ЗАЦІКАЎЛЕНЫ Ў ІХ МІЖНАРОДНЫМ ПРЫЗНАНЬНІ


Юры Сьвірко, Менск

Прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия" ў нумары за пятніцу цалкам праігнаравала навіну зь Вены, дзе Нацыянальны сход атрымаў статус паўнапраўнага сябра Парлямэнцкае Асамблеі. Хаця ў гэтым жа нумары ёсьць справаздача з брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў, прадстаўнік якога Андрэй Савіных даў пазытыўную ацэнку венскаму рашэньню. Аднак пра гэта ў “Советской Белоруссии” — ані слова.

Нават у “Звязьдзе”, адным з заснавальнікаў якой ёсьць Нацыянальны сход, зьмешчаная толькі трохрадковая інфармацыя агенцтва БелТА.

Не паведаміла пра гэтую падзею і дзяржаўнае тэлебачаньне. Учорашнія галоўныя выпускі “Панарамы” і навінаў на канале ОНТ пачыналіся паведамленьнямі пра наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам Менскага аўтазаводу.

А вось якой была першая рэакцыя дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова на аднаўленьне статусу беларускага парлямэнту:

(Фралоў: ) “Увогуле радасная падзея, але што пасьля гэтага адбудзецца... Я тут сустракаўся зь людзьмі — выказвалася такая думка, што, мабыць, для нас, для дэпутатаў, гэтае прызнаньне створыць дадатковыя праблемы. Напрыклад, з пункту погляду нашага далейшага лёсу, наступных выбараў”.

Меркаваньне генэрала Фралова часткова падзяляе ягоны калега з дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч, які катэгарычна заявіў:

(Парфяновіч: ) “Ніхто паўнапраўным парлямэнт не прызнаваў і не прызнае дагэтуль. Я думаю, гэта нармальна. У гэтым учынку Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пазытыўным ёсьць тое, што больш будзе задавацца пытаньняў, каб на іх атрымліваць адказы. А калі за межамі гэтай залі — дык жа менш і пытаньняў задаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А для Вас больш галоўная Рада Эўропы ў Страсбуры ці ў Вене Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ?”

(Парфяновіч: ) “Я думаю, што й тое, і іншае. На сёньняшні дзень, па-мойму, прэзыдэнт не зацікаўлены ў гэтым”.

Гэтыя словы дэпутата Парфяновіча часткова пацьвердзіла Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч — ёй я задаў пытаньне, як камэнтуе спадар Лукашэнка падзеі ў Вене, альбо як ён да гэтага ставіцца.

(Пяткевіч: ) “Ніяк. Факт ёсьць, і ўсё — як да факту”.

На маё пытаньне, ці будзе нейкі камэнтар з боку Аляксандра Лукашэнкі найбліжэйшым часам, спадарыня Пяткевіч катэгарычна адказала “не”.

А прэсавы сакратар старшыні Палаты прадстаўнікоў Алег Куліцкі на пытаньне, чаму маўчыць ягоны шэф Вадзім Папоў, даў такі адказ:

(Куліцкі: ) “Ну вось прыедзе Канаплёў, вось тады ўсё гэта будзе. Будзе праводзіцца прэсавая канфэрэнцыя”.

(Карэспандэнт: ) “Але мы б хацелі сёньня нешта даведацца...”

(Куліцкі: ) “Не, сёньня нічога ня будзе. Сёньня людзі рыхтуюцца 23-га сьвяткаваць”, — сказаў спадар Куліцкі, прэсавы сакратар сьпікера Палаты прадстаўнікоў.

Назіральнікі ў Менску адзначаюць, што дзяржаўная прапаганда пакуль ніяк ня выкарыстала венскія падзеі. Красамоўны сам факт замоўчваньня прызнаньня Нацыянальнага сходу ў АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG