Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны ЮНЭСКА на прапанову Банглядэш у 1999 годзе. 21 лютага 1952 году загінулі пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданьне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш.
Генэральны дырэктар ЮНЭСКА Каітыра Мацуура падчас свайго леташняга наведваньня Беларусі зазначыў, што каля паловы моваў сьвету знаходзяцца пад пагрозай зьнішчэньня.
Што да сытуацыі зь беларускай мовай, то, як мяркуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, самы востры крызыс ужо мінуў, хоць становішча застаецца складаным. Калісьці яшчэ Мікіта Хрушчоў, выступаючы на ганку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, заявіў, што беларусы першыя будуць жыць пры камунізьме, таму што адмовяцца ад роднай мовы.
Гаворыць Алег Трусаў:
(Трусаў: ) “У савецкі час Беларусь была зробленая палігонам для стварэньня новага этнасу — савецкага народу з адзінай мовай расейскай, і гэты экспэрымэнт ладзіўся тут надзвычай жорстка. Сытуацыя ўскладнялася тым, што паступова вымірала беларуская вёска, дзе жылі носьбіты дыялектаў беларускай мовы, а без дыялектаў мова становіцца мёртвай. Але сталася так, што ўпершыню за трыста гадоў пасьля вайны мы атрымалі этнічныя беларускія гарады, дзе жыве ад 67 да 90% этнічных беларусаў. І вынікі апошняга перапісу насельніцтва паказалі, што нацыя пачала адраджацца, таму што культура і мова ў сучасных эўрапейскіх варунках можа існаваць толькі ў гарадах”.
Беларуская мова зьведвае цяпер шмат цяжкасьцяў, нягледзячы на тое, што падчас апошняга перапісу тры чвэрці беларусаў назвалі роднай менавіта беларускую мову. Зараз па-беларуску навучаюцца толькі 23% вучняў, фактычна няма беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Беларуская мова амаль не гучыць ва ўладных структурах.
За тыя дзевяць гадоў, што краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка, можна ўзгадаць толькі некалькі выпадкаў, калі ён выступаў па-беларуску. Мова выведзеная са справаводзтва, не гучыць у судах. Ці ёсьць усё ж падставы для аптымізму ў справе пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы?
(Трусаў: ) “Зараз назіраецца працэс глябалізацыі. І цяпер, калі апыталі менчукоў, аказалася, што рэйтынг ангельскай мовы 90 з нечым адсоткаў, расейскай — 60, а беларускай 36%. Такім чынам, прэстыж расейскай мовы ўвесь час падае, і гэты момант трэба скарыстаць дзеля ўмацаваньня пазыцыі беларушчыны”.
Старшыня Таварыства беларускай мовы ўпэўнены, што са зьменай у Беларусі палітычнай улады і пэўных неспрыяльных абставінаў беларуская мова можа адрадзіцца даволі хутка.