Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ РЭАБІЛІТАВАЎ ДВУХ САЛІГОРСКІХ КАНДЫДАТАЎ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Разгляд справы Сяргея Кажанава й Андрэя Казановіча цягнуўся менш за дзесяць хвілінаў. Старшыня Салігорскае выбарчае камісіі Сяргей Рэчыц адмовіўся камэнтаваць рашэньне Цэнтарвыбаркаму:

(Рэчыц: ) “Я нічога ня буду казаць”.

На паседжаньні камісіі Цэнтарвыбаркаму 21 лютага старшыня Лідзія Ярмошына паведаміла, што справу салігорцаў напярэдадні разглядаў Савет па інфармацыйных спрэчках, у які ўваходзяць прадстаўнікі буйных дзяржаўных мэдыяў. Высьветлілася, што 30 студзеня галасы Кажанава й Казановіча гучалі праз заводзкую радыёкропку “Беларуськалію”. Іншымі словамі, нават не праз афіцыйны сродак масавае інфармацыі.

Кажанаў і Казановіч далі звычайнае інтэрвію, дзе адказвалі на пытаньні карэспандэнта, найперш датычныя асобаў кандыдатаў. Празь некалькі дзён Салігорская камісія палічыла інтэрвію перавышэньнем эфірнага часу кандыдатаў.

21 лютага, нават пасьля рашэньня Цэнтарвыбаркаму пра аднаўленьне кандыдатаў у сваіх правах, Казановіч і Кажанаў з асьцярогай адказвалі на пытаньні для нашага радыё. Сяргей Кажанаў абмежаваўся наступным камантаром:

(Кажанаў: ) “Камісія акруговая, яна мае права на памылку, ня больш за тое”.

Андрэй Казановіч тлумачыць дзеяньні Салігорскае камісіі магчымым загадам зьверху:

(Казановіч: ) “Гэтыя мэтады вельмі грубыя й незаконныя”.

Цэнтарвыбаркам параіў “Беларуськалію” прапанаваць сваю радыёсетку для выступу трэцяга кандыдата — намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня міліцыі Анатоля Нізкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG