Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАК БЕЛАРУСІ ПАДПІСАЎ ПАГАДНЕНЬНЕ З КІРАЎНІКОМ АЛІМПІЙСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ІРАКУ — СЫНАМ САДАМА ХУСЭЙНА


Ігар Карней, Менск

Пра дасягненьні ірацкіх спартоўцаў вядома няшмат. Яны ніколі не былі чэмпіёнамі ці нават прызэрамі міжнародных спаборніцтваў. Найлепшыя вынікі — гэта ўваход у дзясятку наймацнейшых у штанзе і асобных відах барацьбы. Затое ірацкі спорт вядомы іншымі дасягненьнямі. За год да Чэмпіянату сьвету па футболе ў Францыі, ФІФА зьбіралася выключыць нацыянальную фэдэрацыю Іраку са сваіх шэрагаў.

Падставай стаў перасьлед гульцоў зборнай, якія няўдала згулялі ў адборачным цыклі да Чэмпіянату сьвету. Некалькі футбалістаў загадам Удая Хусэйна апынуліся за кратамі, а тры гульцы зборнай папрасілі прытулку ў Вялікабрытаніі.

Летась з падобнай пагрозай выступіў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), які адрэагаваў на заяву праваабарончай арганізацыі “Індыкт”, што базуецца ў Лёндане. Праваабаронцы, спасылаючыся на шэраг ірацкіх спартоўцаў у выгнаньні, канстатавалі: у Іраку ўжываюцца катаваньні спартоўцаў, падазраваных у неляяльнасьці да рэжыму Хусэйна. Паводле справаздачы “Індыкт”, больш за паўсотні ірацкіх спартоўцаў закатаваныя ці зьніклі бязь вестак.

МАК ужо распачаў уласнае расьсьледаваньне і сутыкнуўся з праблемай: як спраўдзіць інфармацыю. Спартоўцы, якія ня маюць магчымасьці зьехаць з краіны, баяцца сьведчыць супраць рэжыму Садама, бо наступствы могуць быць ня меншымі. Прынамсі, усе папярэднія візыты міжнародных спартовых назіральнікаў у Багдад і скончыліся безвынікова. Вось такі ён, ірацкі спорт.

Таму ўзьнікае лягічнае пытаньне: а хіба кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі пра гэта ня ведае? Думаю, ня можа ня ведаць. Справаздачы міжнародных спартовых аб’яднаньняў дасылаюцца ў нацыянальныя камітэты і фэдэрацыі. Ведае беларускае спартовае кіраўніцтва разам з прэзыдэнтам НАК Беларусі Лукашэнкам і іншае. У заходняй прэсе амаль штодня друкуюцца пляны дзеяньняў войскаў ЗША ў часе магчымай апэрацыі супраць Іраку. І сярод іншага ставіцца задача ўжо ў першыя 48 гадзінаў бамбаваньняў зьнішчыць найперш Садама Хусэйна разам зь ягонымі сынамі і найбліжэйшым атачэньнем.

Такім чынам, Удай Хусэйн, зь якім кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі падпісвае пагадненьне аб супрацоўніцтве, зьяўляецца мішэняй амэрыканскіх бамбавікоў. Можа, таму зь беларускага боку пагадненьне і падпісаў не прэзыдэнт НАК Лукашэнка, а ягоны памочнік Ананьеў. І яшчэ адзін момант: у той час, як замежныя грамадзяне тэрмінова пакідаюць зону магчымага канфлікту, беларускія функцыянэры зьбіраюцца выпраўляць ў Багдад сваіх найлепшых спартоўцаў. Дарэчы, ірацкі амбасадар у часе падпісаньня пагадненьня запэўніў, што суправаджаць спартоўцаў будуць і журналісты.

Нядаўна прайшла інфармацыя, што Ірак вылучае сваю кандыдатуру на правядзеньне Алімпійскіх гульняў у 2012 годзе. Якія ж шанцы гэтай краіны ў спартовым сьвеце? Калі нічога не перашкодзіць (а пэрспэктывы міру ў рэгіёне вельмі прывідныя), афіцыйную заяўку Багдад зьбіраецца падаць найбліжэйшым часам. Іншая справа, што шанцаў атрымаць станоўчы адказ амаль няма. Я ўжо ўзгадваў пра пазыцыю адносна Іраку з боку МАК. Пакуль прадстаўнікі МАК не атрымаюць поўнай інфармацыі пра рэальны стан спартоўцаў у Іраку, спадзяваньні на цуд марныя.

Нягледзячы на гэта, прэзыдэнт Садам Хусэйн ужо абвесьціў пра пляны будаўніцтва ў Багдадзе стотысячнага стадыёну, які мае стаць цэнтрам алімпійскага гораду. Дарэчы, падобных збудаваньняў у сьвеце толькі два.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG