Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ КРЫХУ ВЫПІВАЮЦЬ


Антон Каляда, Янава

Калі ў калгаснай майстэрні зьявіўся новы трактарыст, мэханік у яго запытаўся, колькі той выпівае. Трактарыст адно паціснуў плячыма. Тады мэханік запытаў іначай, маўляў, ці паўвядра за дзень можаш? Навічок у знак згоды хітнуў галавой. Тутэйшыя калгасьнікі ажно за жываты схапіліся. Але мэханік грозна бліснуў вачыма, ды кажа: чаго рагочаце, чалавек хоць меру ведае, а вы ж бязь меры жлукціце. Калі я распавёў сяму-таму пра такога пітака, то колькі чалавек паціснулі плячыма: “А што тут дзіўнага, за дзень і я вып’ю, гэта ж не за раз”.

Сам сябе я дагэтуль лічыў цьвярозым чалавекам. Такім лічаць мяне й сябры. Але калі пішучы гэтае эсэ пачаў узгадваць, дзе, колькі, з кім, зь якой закусьсю, зь якога посуду ды зь якой нагоды даводзілася піць, то адразу ж усумніўся ў сваёй цьвярозасьці. Цэлы рэгіён, калі ня ўсю рэспубліку і нават болей, можна пазначыць на карце чырвонымі сьцяжкамі ў тых месцах, дзе жадаў сябрам “быць здаровымі” альбо проста “быць”.

Хто з нас ня мог бы, як некалі мой сябра, знаёміць гасьцей з родным горадам такім вось адмысловым чынам: за гэтым старым мурам мы цадзілі з хлопцамі “чарніла” з гарлавіны й без аніякай закусі; пад тым карчом на беразе рэчкі замочвалі сустрэчу зь сябрам пасьля двухтыднёвага расстаньня; там, перад вокнамі раддому, адзначалі з калегамі нараджэньне сына спачатку шампанскім, пасьля гарэлкаю і ўрэшце самагонам, ды яшчэ й усіх мінакоў частавалі.

Эге, ды ў гэтым горадзе куды ні зірні, любая мясьціна памятная: у гэтай альтанцы жмені семак хапіла на тры пляшкі гарэлкі тром мужыкам; у тым лесе не было ў што разьліваць, дык выкалупалі з агурка сярэдзіну і разьлівалі ў такі экзатычны посуд. Гэткім посудам можа быць памідор, яблык, апэльсін і нават яйка. А ў дарозе пасудзінай неаднойчы служыў адкручаны катафот.

У мужчынскіх кампаніях самая хадавая закусь — не, не салёны гурок, як шмат хто лічыць, а… пачак пячэньня “Привет”. Хто ім закусвае, той з прыветам, г.зн. прыдуркаваты, сьмяюцца самі зь сябе выпівохі. Другой па папулярнасьці зьяўляецца мятная цукерка. Яе і хапае надоўга, і пах перагару, як лічаць знаўцы, прыглушае.

Сам быў сьведкам, як у адной краме мужыкі доўга раіліся, колькі чаго браць. Адзін кажа, каб тры на трох, а другі адказвае, што ўчора ўзялі тры, дык адна засталася. Урэшце яны ўзялі дзьве… цукеркі. А тры пляшкі гарэлкі ў іх, як высьветлілася, былі ўжо купленыя. Праўда, называлі яны гэтыя пляшкі чамусьці кнігамі. Кажуць: ну, што, хадзем у гараж ды прачытаем тры кніжачкі, а як мала будзе, то раскулачым бабку, што прадае рукапісы. Няцяжка было здагадацца, што рукапіс — гэта самагонка.

Начытаўшыся гэткіх кніжак ды рукапісаў, мужчыны граматна тлумачаць жонкам, чаму не яны гарэлку, а гарэлка іх амагла. “Не вінаваты я, — прыкідваецца хітрун. — Гэта ўсё Маня, усё яе нядобрае вока. Я толькі дзьве паўлітэркі выпіў. А яна як увайшла, як зіркнула сваім нядобрым вокам, дык я пасьля яшчэ адненькай пад стол зваліўся”. Але ў адказ ужо чуюцца праклёны: “Каб ты гарачай смалы напіўся! Каб ты ўжо ў ёй утапіўся, у гэтай сваёй гарэлцы! Каб табе яе на тым сьвеце хлябтаць, апойку праклятаму, і не нахлябтацца! Каб яна табе зікры павыядала! Каб ты гэтак дзярмо праз анучку смактаў, як п’еш”. Дзе-якая жонка, згледзеўшы, як калоцяцца ў мужа рукі, шкадуе яго, маўляў, гэта ж так падарваў ты свае расохі гарэлкаю.

Нормы ўжываньня залежаць ад прафэсіі. Да прыкладу, сталяр напіваецца ў дошку, шавец — у сьцельку, качагар — у дым, сьвятар — да чорцікаў, жывёлавод — да парасячага вішчаньня, чыгуначнік — у дрызіну.

Тое й нядзіўна, бо ў нас ня толькі на вясельлях ці якіх іншых урачыстасьцях, але і на хаўтурах робіцца ўсё, каб чалавек абпіўся ды аб’еўся. Выстаўляецца безьліч усялякіх калярыйных — мясных, рыбных, мучных страваў, “Руская” гарэлка пад першыя тосты й самагон пад наступныя. Госьці частуюцца ды прамаўляюць найхадавы тост — “Будзьма”. Адзін мужык піў-піў пад той самы тост, а як надакучыла, то кажа: “Ня ведаю, хто такі Будзьма, але болей за яго піць не хачу”, і, узнімаючы чарку, прамаўляў сваё: “Ну, давайце”.

На хаўтурах людзі, бывае, дапіваюцца да таго, што забываюць, чаго прыйшлі, і проста за сталом распавядаюць анэкдоты, рагочуць і ледзь ня йдуць у скокі. На пратэстанцкім — натуральна, безалькагольным — вясельлі двое зь няпэўнымі рэлігійнымі перакананьнямі так і не змаглі датыкнуцца да ежы, пакуль ня зьбегалі ў найбліжэйшую краму ды не раскінулі за вуглом пляшку “белай”.

Ці чуў хто, каб у Беларусі крамы рабавалі дзеля таго, каб разбагацець? Любая міліцэйская зводка сьведчыць: рабуюць выключна дзеля радасьці й шчасьця. Гэтыя радасьць і шчасьце называюцца “Беларусь Сінявокая”, “Казанова”, “Сонцадар”, “Міраж”. Адсюль і жарт: калі ёсьць гарэлка “Эўрагрош”, дык грош цана нейкаму там Эўра.

Дайшло да таго, што ў нас калі нешта зь нечым параўноўваюць, дык за эталён бярэцца пляшка: “Колькі боты каштуюць? Ого, дык гэта ж скрынка гарэлкі”. Гарэлку нават з разьліковымі банкаўскімі білетамі параўноўваюць. Яе так і называюць: вадкая валюта. На вёсцы яна даражэйшая за любую іншую. Прысядзібны ўчастак калгасны трактарыст узараў — калі ласка ў хату альбо вось табе торба з пляшкаю. Сена, салому, дровы прывёз, гной вывез — тое самае.

Перад апошнім навагоднім сьвятам двое мужыкоў цётцы елку прынесьлі, разьлік атрымалі, глынулі — дый на той сьвет. Пэўна ж, ведалі, бо хто гэтага ня ведае, што добрая гарэлка вырабляецца зазвычай для ўласнага ўжытку, а “вадкая валюта” — тое ж, што й атрута, ды не засьцерагліся.

Дакладна як тыя героі анэкдоту, што знайшлі пляшку, панюхалі, вызначылі, што гэта самагонка, але адзін толькі каўтануў, як адразу памёр. Другі нюхаў-нюхаў рылца, на нябожчыка глядзеў-глядзеў, а пасьля й кажа: “Ня можа быць, каб атрута, самагонкай жа пахне”. Перакуліў чарку дый таксама самлеў. І толькі трэці засьцярогся. Перад тым, як выпіць, ён крыкнуў: “Людзі, ратуйце!”

У адрозьненьне ад гэтых ёсьць дэгустатары, якія калі не па паху, дык па смаку дакладна вызначаюць, зь якога кутка Беларусі прывезены той ці іншы напой, які дзеля сьмеху беларусы на францускі манер называюць “Самжэнэ”.

І ўсё гэта ў той час, калі самагонаварэньню абвешчаная бязьлітасная вайна. Прычым абвешчаная даўно. І нават штомесяц міліцыя робіць справаздачы: столькі й столькі выкрыта самагоншчыкаў, сканфіскавана самагонных апаратаў, праведзена прафіляктычных гутарак. Але хітрасьць народная мацнейшая за ўсе забароны. У адной вёсцы мужык ноччу гнаў сівуху ў суседчынай пуні. Якраз калі ён выносіў вёдры з гарачай вадой ды набіраў з канавы халодную, тут як тут міліцыянты. Ён толькі ў пуню, а яны пратакол пад нос. Мужык узяў паперку, нешта накрэмзаў у ёй, службоўцы прачыталі, зарагаталі дый кажуць: налівай, гіцаль, ня будзем цябе караць. А ён напісаў, што ноччу выйшаў з хаты да ветру, глядзіць, а ў суседчынай пуні акно сьвеціцца. Пажар, падумаў адразу, схапіў вёдры ды бягом тушыць. Адчыняе дзьверы ў пуню, а там міліцыянты гарэлку ціснуць.

Выпівохі — ня толькі сьмех, але і гонар нацыі. У Беларусі гэта пачалі ўжо разумець. Таму неўзабаве тут будзе зачынены апошні выцьвярэзьнік. Напіўся — цябе завязуць дахаты. Альбо ў больніцу, калі занадта. Тое й жанкам як паратунак. Ня будзе ўжо чалавек помсьціць за тое, што здала ў пастарунак.

Адзін такі вярнуўся пасьля працьверажэньня, а гаспадыня, каб прыдабрыцца, кавалак мяса хутчэй нясе. Той ня есьць, маўляў, у міліцыі й на сьнеданьне, і на абед, і на вячэру зь яе ласкі вялізныя кавалкі мяса давалі. Лепш бы капусткі з паграбка прынесла. Жонка ў паграбок — а ён клямкай знадворку “клац”. “Цяпер, — кажа, — ты еш мяса, як я еў”. А на сьвітаньні яшчэ й пазьдзекаваўся. Пастукаў у дзьверцы дый кажа: грамадзяначка, вам сягоньня перадачы няма.

Але ня толькі з гэтай прычыны дзяржава мусіць клапаціцца пра выпівох. Ёсьць тут і глябальны інтарэс. Калі нехта лічыць, што аматары зялёнага цмока проста п’юць, і болей нічога, то такі чалавек памыляецца. Найперш яны трымаюць на сваіх худых плячох (ці нырках?) бюджэт краіны. І пра гэта не саромеюцца час ад часу нагадваць цьвярозай грамадзе: маўляў, не, мы не чарніла й не гарэлку купляем — мы выплачваем заробак пэдагогам, мэдыкам ды ўсяму начальству.

Ня менш чым дзесяць адсоткаў усяе казны — ня жартачкі. Любая цётка на вёсцы бязь калькулятара ў імгненьне вока падлічыць, што з кіляграма цукру можна атрымаць дзьве пляшкі. Цяпер кіляграм цукру каштуе 900 рублёў, а паўлітэрка сівухі — дзьве з паловаю тысячы. Рэнтабэльнасьць — 400–500 адсоткаў. І попыт трывалы.

Жабрак, і той з самае раніцы маракуе, як бы чым папоўніць бюджэт. Адно хіба начальнік памарыць трохі, каб хоць гэты дзень пазьбегнуць п’янкі, бо ўжо й ныркі слабыя, і пячонку лекаваў, і сэрца пад раніцу перавяртаецца нізам дагары. А к вечару яны — што жабрак, што начальнік — аднолькавыя, як ракета “зямля–зямля”. Затое выконваецца прыбытковая частка бюджэту. Таму выпівохам даўно трэба было б паставіць помнік. Але ці паставіў ім хто хоць бы пляшку за гэткі значны ўклад у эканоміку краіны?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG