Ледзьве не адзіны ў Беларусі від бізнэсу, у якім прыбыткі няхай і невялікія, але сталыя — турызм. Таму ад канца мінулага году дзяржаўныя структуры не губляюць надзеі манапалізаваць турыстычныя паслугі. Найбольшую актыўнасьць выяўляе ўпраўленьне справамі Лукашэнкі. Яшчэ раней яно ўзяло пад кантроль больш за восем дзясяткаў курортна-санаторных аб’ектаў у Беларусі і ў былых гэтак званых саюзных здраўніцах — у краінах Балтыі, ва ўкраінскім Крыме і расейскім чарнаморскім узьбярэжжы.
Леташнім лістападам пра сваё жаданьне пагаспадарыць на турыстычнай ніве нечакана заявіў новы суб’ект — Беларуская Фэдэрацыя прафсаюзаў. Стаўленік Лукашэнкі, новы прафсаюзны бос Леанід Козік безапэляцыйна заявіў, што ў турыстычнай галіне пануе бардак, і навесьці парадак змогуць толькі прафсаюзы. Пакуль што апэтыт Козіка, ад якога ў жах прыйшлі ўсе шматлікія турыстычныя агенцыі, не знайшоў падтрымкі ад уладаў. Можа таму, што рыхтавалі гэты сытны кавалак бізнэсу для сябе?
Прынамсі, разьвіцьцё падзеяў паказвае на гэта. Новы міністар спорту і турызму, былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў днямі сабраў нараду з удзелам кіраўнікоў найбуйнейшых турыстычных прадпрыемстваў. І абвесьціў асноўныя кірункі рэфармаваньня турыстычнай галіны.
(Сівакоў: ) “Неабходна культываваць турызм, на які мы забыліся: клюбы спартовага турызму ў навучальных установах і на прадпрыемствах, тэрытарыяльныя клюбы. Прыдумваць нічога ня трэба, трэба проста аднавіць. І гэта будзе лягічны працяг фізычнай культуры выхаваньня, правядзеньне арганізаваных адпачынкаў з мэтай падтрымкі здароўя. На колькі ўжо стала болей займацца такім турызмам! Колькі прадпрыемстваў, тэрыторыяў займаюцца гэтай справай! Чаму? Адно з другім зьвязанае. Калі мы здолеем прафэсійна арганізаваць тое, што называем фізычнай культурай, фізычным выхаваньнем, турызмам наагул; усім, што падыходзіць пад агульнае паняцьце “аздараўленьне нацыі”, то напэўна зь цягам часу не патрэбна будзе запрашаць легіянэраў з Кеніі, Украіны; у Расеі шукаць на лаўках... падсудных”.
Юры Сівакоў, былы міністар унутраных справаў, натуральна, меў на ўвазе лаўку запасных, а не падсудных. Дарэчы, потым ён сам прызнаўся, што выказаўся паводле прафэсійнай звычкі.
Зараз Сівакоў прапануе разьвіваць пераважна ўнутраны турызм. Але ў адсутнасьць рэальных прапановаў на тым жа ўнутраным рынку, беларусы ў бальшыні шукаюць геаграфічныя альтэрнатывы.
Але, як я ўжо ўзгадваў, унутраны турызм даўно знаходзіцца пад наглядам кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Зьнешнія напрамкі пакуль зьяўляюцца прыярытэтам камэрцыйных кампаніяў, якія рызыкуюць як сваімі грашыма, гэтак і аўтарытэтам. Кіраўнікі практычна ўсіх пяці сотняў фірмаў, што працуюць у Беларусі, прагназуюць: пакуль чыноўнікі будуць высьвятляць, як “накласьці лапу” на турызм, гэта зробяць расейскія кампаніі, якія ўжо некалькі гадоў дэмпінгуюць у Беларусі.
Прычына ў болей танных перавозках расейскімі авіялініямі. Кошты, якія выстаўляе “Белавія” — у 2–3 разы вышэйшыя за кошты расейскіх перавозчыкаў. У выніку сям’я з чатырох чалавек, калі адлятае зь Беларусі, пераплачвае 300–400 даляраў. Таму, на думку беларускіх турбізнэсоўцаў, дзяржаве перадусім трэба дапамагчы фірмам перамагчы на беларускім рынку расейцаў і зрабіць болей таннымі перавозкі. Зрабіць, іншымі словамі, каб грошы не адляталі ў Расею.
Нават некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі папярэджваюць, што ігнараваньне праблемы можа мець непажаданыя наступствы. Кіраўнік нацыянальнай агенцыі па турызму Чэслаў Шульга кажа, што амбіцыі дзяржавы растуць не па днях, а па гадзінах. Але ня ў тым, каб турызм квітнеў і прыносіў даходы, а каб схапіць тое, што ўжо ёсьць.
Вось і прымаюцца пастановы, накшталт той, якая прыраўноўвае турызам да гульнявога бізнэсу: гэта значыць, трэба плаціць большыя падаткі і адлічваць грошы на будаўніцтва спартовых аб’ектаў. Таму яшчэ адзін адмысловец, генэральны дырэктар “Беларускага спадарожніка” Сяргей Даронін, і цьвердзіць: турапэратараў сёньня выкарыстоўваюць як дойных кароў. Што ж тычыцца разьвіцьця ўнутранага турызму, пра што заяўляе Сівакоў, дык пачынаць трэба з інфраструктуры, а яе няма. Тыя прапановы, якія ён высоўвае, ужо не цікавыя ня толькі замежнікам, але і самім беларусам, якія выбіраюць экзотыку і камфорт.