Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА БУДЗЕ АПЕКАВАЦЦА БЕЛАРУСКІМІ ВАЙСКОЎЦАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня кіраўнік памежных войскаў генэрал-лейтэнант Аляксандар Паўлоўскі і патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт падпісалі дамову пра супрацоўніцтва. Камітэт памежных войскаў і праваслаўная царква вырашылі разам выхоўваць патрыятычныя пачуцьці ў памежнікаў, узаемадзейнічаць у справе аднаўленьня релігійных традыцыяў, адбудоўваць помнікі, у тым ліку і наглядаць за салдацкімі могілкамі.

Паводле супрацоўніка прэсавай службы Камітэту памежных войскаў Уладзімера Несьцяровіча, місіянэрская дзейнасьць праваслаўнай царквы ў памежным войску ўжо мае пэўны досьвед, які варта разьвіваць.

(Несьцяровіч: ) “Варта нагадаць, што летась была праведзеная сумесная акцыя, калі афіцэр Камітэту памежных войскаў падпалкоўнік Леанід Спаткай і айцец Сергі праехалі амаль 3 тысячы кілямэтраў уздоўж мяжы Беларусі. Яны наведалі нашыя злучэньні й заставы, прывезьлі туды рэлігійную літаратуру. А ў якасьці асабліва каштоўных кнігаў была Біблія з адмысловым пасланьнем беларускім памежнікам ад Філарэта”, — распавеў Уладзімер Несьцяровіч.

Паводле яго, кіраўніцтва памежных войскаў ня супраць кантактаў і з прадстаўнікамі іншых канфэсіяў, але яны нібыта не выказваюць такога жаданьня. Праўда, афіцэр згадаў пра выключэньне. Больш за год таму Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай зьвяртаўся да генэрала Паўлоўскага з прапановай аб супрацоўніцтве, але атрымаў адмову. “Мы правялі тэставаньне і высьветлілі, што ў нас няма службоўцаў, якім патрэбныя паслугі сьвятароў гэтай рэлігіі”, — гэтак Уладзімер Несьцяровіч патлумачыў прычыну адмовы.

Між тым, япіскап Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Сяргей Хоміч лічыць гэтую адмову штучнай і несправядлівай. Паводле яго, ахвотныя выслухаць пастараў ягонай царквы знайшліся б і сярод памежнікаў, тым больш што ў розныя гады становішча зь вернікамі сярод прызыўнікоў мяняецца. Сяргей Хоміч ня згодны з тым, што праваслаўная царква займела прывілеяванае становішча:

(Хоміч: ) “Мы заяўлялі і заяўляем, што гэта недэмакратычна, гэта супраць нашай волі. Хрысьціяне веры эвангельскай таксама сулужаць ў войску, і мы маем права апекавацца гэтымі людзьмі падчас службы, як праваслаўная царква апякуецца сваімі вернікамі”.

Нагадаем, што экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі мае намер заключыць дамову пра супрацоўніцтва зь беларускім урадам, і Аляксандар Лукашэнка ўжо вітаў гэтую ініцыятыву. Між тым, большасьць прадстаўнікоў іншых канфэсіяў апасаецца, што гэта яшчэ больш замацуе прывілеяванае становішча праваслаўнай царквы ў параўнаньні зь іншымі канфэсіямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG