Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА ВАЙСКОЎЦЫ ДА МАГЧЫМАГА ЎВЯДЗЕНЬНЯ РЭЗЭРВОВАЙ СЛУЖБЫ Ў ВОЙСКУ?


Ганна Соусь, Менск

Многія хлопцы, якія яшчэ не служылі ў войску, з энтузіязмам успрынялі пэрспэктыву ўвядзеньня ў Беларусі рэзэрвовай вайсковай службы.

(Хлопец: ) “Я лічу, што гэта добра, бо кожны будзе рабіць тое, што ён жадае. Хто хоча, той будзе служыць у войску, а другія будуць займацца любімай справай”.

(Другі хлопец: ) “Можна быць у рэзэрве. Цікавей схадзіць на заняткі, даведацца пра нешта вайсковае, чым бегаць у ботах”.

(Студэнт: ) “У нас пакуль пяць гадоў свабоды, таму што мы першакурсьнікі”.

(Маладзён: ) “У нас няма яшчэ навыкаў, каб гэта добра зарганізаваць. Патрэбна шмат сілаў і сродкаў”.

(Хлопец: ) “Непатрэбнае нам увогуле войска. Трэба плаціць нармальныя грошы ў войску, і ахвотных будзе — палова краіны”.

(Студэнт: ) “Кваліфікаваныя людзі, якія атрымалі адукацыю, павінны прахадзіць рэзэрвовую службу”.

(Юнак: ) “Я пацыфіст і мяркую, што людзі ўвогуле не павінны служыць у войску. А ўвядзеньне рэзэрвовай службы падзяляе людзей на тых, у каго ёсьць нейкія прывілеі, і тых, у каго іх няма. І таму я лічу, што, калі ў нашай дзяржаве ёсьць вайсковая служба, то трэба, каб усе служылі ў войску”.

(Хлопец: ) “Я пайду добрасумленна служыць у войска, толькі калі сюды ўвойдуць расейскія танкі, і тады, як і ўсе мае аднаклясьнікі з Горадні, пайду служыць у партызанскі атрад супраць маскальскіх войскаў”.

Гэтак мяркуюць хлопцы прызыўнога ўзросту. Каб даведацца пра стаўленьне саміх вайскоўцаў да ўвядзеньня рэзэрвовай службы, я паехала ў адну з вайсковых частак Менску.

(Вайсковец: ) “Лічу, што гэты слушнае рашэньне, і ня толькі таму, што я — чалавек у пагонах. Гэтае пытаньне ўжо прадумана, і настаў час ствараць прафэсійнае войска, таму неабходныя рэформы. Значыцца, мы дайшлі ўжо й да такога ўзроўню”.

(Другі вайсковец: ) “Я думаю, што гэта нармальна. Навошта нам прызываць у войска лішніх людзей, якія будуць патрэбныя на вайну? Гэта будзе рэзэрвовае войска. У Амэрыцы да гэтага даўно прыйшлі, прыйдзем і мы”.

(Трэці вайсковец: ) “А чаму б і не. У нас раней была служба ў запасе, цяпер будзе служба ў рэзэрве”.

Вайскоўцы ў большасьці гэтаксама вітаюць ідэю скарачэньня часу тэрміновай службы да аднаго году.

(Вайсковец: ) “Каб падрыхтаваць спэцыяліста, я лічу, што аднаго году хопіць. Каб зрабіць войска прафэсійным, трэба перавесьці яго на кантрактную аснову”.

(Другі вайсковец: ) “Гэта слушна, але ў далёкай пэрспэктыве. Пакуль гэтага ня будзе”.

(Трэці вайсковец: ) “Год службы? Непажадана, канечне. Што там за год службы… Прыйшоў — сышоў”.

(Чацьверты вайсковец: ) “Зараз ідзе адбор. Ня ўсе хлопцы, якія хацелі служыць ва ўзброеных сілах, здолелі трапіць у войска. Таму, магчыма, гэта й будзе слушна, каб кожны такім чынам аддаў свой канстытуцыйны абавязак”.

Гэакт мяркуюць беларускія вайскоўцы. Што да моладзі, то сёньня многія апытаныя мной юнакі выказвалі гэткую прапанову:

(Хлопец: ) “Я хацеў бы прапанаваць кіраўнікам нашай краіны й вайсковым чыноўнікам: у Беларусі трэба было б увесьці так званую альтэрнатыўную службу. Людзі маглі б служыць і пажарным, і мэдбратам. А вайсковая служба — гэта… Зараз у войску страшэнная дзедаўшчына…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG