Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ПОЛЬШЧЫ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ БУДУЦЬ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ З ЭЎРАЗЬВЯЗАМ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Дачыненьні Эўразьвязу з усходнімі суседзямі павінны адрозьнівацца ў залежнасьці ад ступені разьвіцьця рэформаў у той ці іншай краіне, а таксама ад таго, як замежная палітыка гаэтай краіны і каштоўнасьці, якія яна вызнае, адпавядаюць палітыцы і каштоўнасьцям, прынятым у Аб’яднанай Эўропе”, – так гаворыцца ў праекце польскага МЗС. Спадар міністар, калі карыстацца гэтымі прынцыпамі, то паводле вашага праекту дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю ў найбліжэйшы час наўрад ці будуць добрымі. На вашую думку, ці ня ёсьць гэтая канцэпцыя трохі заўчаснай для цяперашняй Беларусі?”

(Цімашэвіч: ) “На нашую думку, цяпер добры час, каб у больш шырокім складзе абмеркаваць будучыя дачыненьні Эўразьвязу з усходнімі суседзямі. Мы ў Польшчы, магчыма, разумеем праблемы гэтых дачыненьняў трохі лепш і ведаем, што нельга дапусьціць, каб у Эўропе паўстала новая жалезная завеса. Добрае супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі адпавядае інтарэсам усіх – Эўразьвязу, Польшчы і Беларусі таксама. Зразумела, што кожная краіна мае асаблівую спэцыфіку і гэта трэба браць пад увагу. Што да Беларусі, дык тут вельмі характэрным ёсьць значная роля ў разьвіцьці дачыненьняў з гэтай краінай, якая надаецца недзяржаўным арганізацыям, а ня толькі афіцыйнай дыпляматыі”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а якая рэакцыя ў Эўропе на вашую канцэпцыю?”

(Цімашэвіч: ) “Пакуль водгукі на польскія прапановы вельмі добрыя. Некаторыя краіны Эўразьвязу кажуць, што гэты праект лепшы за той, які Эўразьвяз распрацоўваў уласнымі сіламі. Украіна заявіла, што задаволеная нашымі прапановамі. Міністар замежных справаў Расеі таксама назваў канцэпцыю цікавай. Калі казаць пра Беларусь, дык нашая крытычная пазыцыя адносна палітычнай практыкі, якая існуе ў гэтай краіне, застаецца ранейшай. Тут мы падзяляем ацэнкі усяго дэмакратычнага сьвету. З другога боку, мы лічым, што, не забываючыся на парушэньні правоў чалавека, Эўразьвяз мусіць разьвіваць дачыненьні менавіта зь беларускім народам. Супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі арганізацыямі, у сфэры бізнэсу, з самаўрадавымі органамі і гэтак далей.

(Карэспандэнт: ) “Спадар міністар, сярод краінаў, якія адгукнуліся на канцэпцыю будучых дачыненьняў Эўразьвязу з усходнімі суседзямі, вы не назвалі Беларусь. Гэта значыць, што ніякіх рэакцыяў з боку афіцыйнага Менску няма? А ці ўвогуле спадзяецца польскі МЗС на супрацоўніцтва ў гэтай справе з боку Беларусі?”

(Цімашэвіч: ) “Я маю надзею, што нашая канцэпцыя без безпадстаўных непаразуменьняў будзе разгледжаная ў Беларусі і беларускія ўлады ўсё ж будуць супрацоўнічаць з пашыраным Эўразьвязам. Відавочна, што гэткае супрацоўніцтва адпавядае інтарэсам беларускага народу, які, сярод іншага, можа атрымаць дапамогу ў рэформах і будаваньні грамадзянскай супольнасьці. Каб Беларусь была бліжэйшая да Эўропы, бо, на маю думку, ніхто напэўна ня хоча, каб Беларусь заставалася нейкім выключэньнем у Эўропе”.

(Карэспандэнт: ) “Як вядома, ад 1 ліпеня гэтага году Польшча ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі. Напярэдадні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі заявіў, што для ўкраінцаў гэтыя візы будуць увогуле бясплатныя, бо Кіеў адмовіўся ад увядзення візаў для палякаў ад 1 ліпеня. Ці гэтае выключэньне зробленае толькі для Ўкраіны, ці Беларусь таксама мае шанец зрабіць для сваіх грамадзянаў бясплатныя польскія візы?”

(Цімашэвіч: ) “Так, безумоўна. Калі б Беларусь не ўвяла пасьля 1 ліпеня візаў для грамадзянаў Польшчы, дык беларусы маглі б разьлічваць на бясплатныя польскія візы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG