Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯЎЛІЧАНЫЯ АХВЯРЫ ФАШЫЗМУ”


Алена Панкратава, Менск

У той час, калі беларускі бок, а менавіта фонд “Узаемапаразуменьне і прымірэньне” сьцьвярджае, што выплаты атрымае кожны, “хто мае на гэта права”, прадстаўнікі пэўнай часткі нямецкага соцыюму (гісторыкі, грамадзкія дзеячы) лічаць, што кампэнсацыі трапяць да часткі ахвяраў, тых беларусаў, якія проста здолелі сабраць вялікі стос дакумэнтаў і папераў. Тым часам пэўная, і немалая, катэгорыя ахвяраў наўрад ці ўбачыць нямецкія грошы, хоць і мае на іх поўнае права. Нават сёньня ў Беларусі існуюць гэтак званыя “няўлічаныя ахвяры” фашызму.

Размова ідзе, напрыклад, пра тых, каму ў часе другой ўсясьветнай вайны было меней за 12 год. Гэтым дзецям вайны бывае цяжка і нават немагчыма даказаць факт сваёй прымусовай працы ў Нямеччыне. Да “няўлічаных ахвяраў” таксама належыць і пэўная група ўсходніх працаўніц, якія, паводле некаторых нямецкіх гісторыкаў, наўрад ці падавалі паперы на нямецкія выплаты. Размова ідзе пра пакаленьне цяперашніх 80-гадовых жанчын, якія 60 год таму былі дэпартаваныя ў Нямеччыну: у канцлягеры, да баўэраў, на фабрыкі. Там іх, маладых, прыгожых, здаровых, выкарыстоўвалі ня толькі ў мэтах працы. Такім жа чынам гэтых дзяўчат мелі на ўвазе і пасьля іхнага вяртаньня на Радзіму ў кабінэтах КГБ. Дарэчы, паводле саміх жа ахвяраў, у ГБ шантажавалі ня толькі тых, каго гвалцілі ў Нямеччыне, але і іншых, проста прыгожых жанчын з катэгорыі былых усходніх работніц.

Ня так даўно мне прыйшлося прысутнічаць пры размове 80-гадовай жыхаркі Менску зь нямецкім журналістам. Яна распавядала, як на працягу пэўнага часу мусіла, так бы мовіць, плаціць ГБ за дазвол на вучобу, за права на працу, за захаваньне тайны і нераспаўсюджаньне інфармацыі далей –мужу, дзецям... Беларуская ахвяра паведаміла немцу, што ня хоча ніякіх кампэнсацыяў, яна хоча хутчэй пазбавіцца ад кашмараў – нямецкіх і савецкіх. Паводле жанчыны, падобная гісторыя здарылася ня толькі зь ёй.

Вучоная-гісторык Крыста Шыкора на старонках “Neue Zuercher Zeitung” зь вялікім сумам адзначае, што большасьць ахвяраў саромеюцца публічна распавесьці пра гэткі свой лёс. Бо тыя адзінкі (гэта жанчыны з заходніх краінаў), якія ініцыююць судовыя працэсы супраць фашысцкай Нямеччыны, як правіла, выйграюць іх.

Паводле “Financial Times Deutschland”, галоўным бар’ерам у справе атрыманьня паўнавартасных кампэнсацыяў ёсьць недастатковая прававая інфармаванасьць ахвяраў, а таксама адсутнасьць адпаведнай падтрымкі гэтым людзям з боку роднай дзяржавы. У якасьці параўнаньня: кампэнсацыі, якія налічаныя вязьням-грамадзянам ЗША, складаюць каля 5 мільярдаў эўра. Выплаты ж беларусам складаюць усяго 350 тысячаў эўра. Гэта пры тым, што колькасьць беларускіх ахвяраў перавышае колькасьць амэрыканскіх. Аднак у той час як беларусы мусілі пагаджацца зь любой сумай, амэрыканцы з дапамогай найлепшых адвакатаў выстаўлялі да Нямеччыны ўсё новыя і новыя пазовы.

Як піша “Braunschweіger Zeitung”, сярод малавядомых эпізодаў сумеснай беларуска-нямецкай гісторыі застаецца і лёс тысячаў нямецкіх салдатаў, якія 60 год таму ваявалі на беларускай зямлі, а потым трапілі ў савецкі палон. Інфармацыя пра гэтых людзей па-ранейшаму знаходзіцца ў закрытых беларускіх архівах. Іхныя нашчадкі ў Нямеччыне гатовыя рабіць любыя крокі насустрач, каб перазахаваць рэшткі сваіх родзічаў. Газэта паведамляе, пра адмысловы гуманітарны нямецкі канвой для беларускіх “воінаў-афганцаў”. Ягоныя арганізатары – жыхары мястэчка Зальгітэр – маюць вялікія надзеі на сустрэчу з вайсковым кіраўніцтвам, а таксама на доступ да сакрэтных матэрыялаў другой усясьветнай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG