Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗАБРУДЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ РАЁНАХ ЛЮДЗІ ЧАСЬЦЕЙ ХВАРЭЮЦЬ НА ГРЫП


Казімер Яноўскі, Гомель

Шматлікія захворваньні людзей на грып распачаліся на Мазыршчыне яшчэ на мінулым тыдні. Санітарная служба зачыніла сем сельскіх школаў. Цяпер у горадзе, паводле словаў галоўнага санітарнага лекара Валерыя Мікшаса, эпідэмічны парог на грып перавышаны больш як у чатыры з паловаю разы. Таму сёньня прыйшлося зачыніць яшчэ і пяць гарадзкіх школаў, дзе ўзровень захворваньняў асабліва высокі.

Нашэсьце грыпу ў Мазыры санслужба зьвязвае зь цеснымі стасункамі гораду з Украінаю, а таксама Расеяй.

Дарэчы, пад’ём захворваньняў на грып назіраецца зараз і ў Добрускім раёне, самым усходнім у рэгіёне і найбліжэйшым да Расеі і Ўкраіны. Тут спыненыя заняткі ў Крупецкай сярэдняй школе.

Часьцей звычайнага пачалі зараз хварэць школьнікі зь мястэчка Церахоўка. Галоўны лекар Добрускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ўладзімер Маркевіч распавёў, што прышчэпкі супраць грыпу ў дзіцячых садках і школах вяліся, але ў невялікай колькасьці.

(Маркевіч: ) “Калі 30 адсоткам дзяцей зрабілі прышчэпкі, то добра. Болей не было вакцыны”.

Я пацікавіўся ў спэцыялістаў санітарнай службы, наколькі схільныя да захворваньняў на грып людзі, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Загадчыца эпідэміялягічнага аддзелу абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Іна Салажкова патлумачыла:

(Салажкова: ) “Мы не адзначаем такой вострай залежнасьці хваробы на грып ад экалёгіі. Усё вызначае імунны стан арганізму. Калі мацнейшы імунітэт, людзі менш хварэюць на грып. Забруджаныя раёны ня надта адрозьніваюцца ад звычайных, аднак перавышэньні назіраюцца. Іх насельніцтва часьцей уцягваюцца ў эпідэмічны працэс. Летась у Чачэрску, Нароўлі, Хойніках узровень захворваньня на грып быў вышэйшым у параўнаньні з сумежнымі раёнамі. Чым ніжэйшы імунітэт, тым меншая ўстойлівасьць да вірусных інфэкцыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG