Ужо ў сярэдзіне 1990-х у Афганістане ўсталяваўся рэжым талібаў, якіх зараз міжнародная супольнасьць наўпрост абвінавачвае ў датычнасьці да тэрарыстычнай дзейнасьці. Толькі зараз, праз два зь лішкам дзесяцігодзьдзі ад пачатку савецкай акупацыі Афганістану, у краіне назіраюцца першыя сацыяльна-палітычныя пераўтварэньні.
870 беларускіх вайскоўцаў загінулі ў Афганістане цягам дзесяцігодзьдзя за прывідныя ідэалы інтэрнацыянальнага сяброўства. 15 лютага, у дзень вываду з Афганістану апошняга савецкага жаўнера, гэтых людзей традыцыйна ўзгадваюць на ўсіх узроўнях. Але ў той час, калі на Выспе сьлёзаў ці на Плошчы Перамогі ў цэнтры сталіцы з боку дзяржаўных функцыянэраў чуюцца патасныя звароты да патэнцыйных абаронцаў Айчыны, то на аддаленых могілках у раёне Чыжоўкі бацькі мусяць зноў душыць сьлязьмі адно і тое ж пытаньне: дзеля якіх стратэгічных інтарэсаў іхныя дзеці былі кінутыя ў афганскае пекла?
Праваабаронца Алег Волчак, які служыў у правінцыі Кафаба, што ў дзясятку кілямэтраў ад пакістанскай мяжы, лічыць: афганская эпапэя павінна была стаць падставай да больш глябальных высноваў.
(Волчак: ) “Чаму такой навалай зрабіўся тэрарызм, трэба было вывучаць на афганскім досьведзе. Калі б гэта зразумелі раней, можна было б пазьбегнуць вялікіх гістарычных памылак. Другі аспэкт — у вайне ніколі няма пераможцаў. Абодва бакі нясуць страты — як фізычныя, так і маральныя. І, нарэшце, любая дзяржава павінна несьці да канца крыж за тых людзей, якіх кінула на вайну. На жаль, наша дзяржава вельмі мала зрабіла, каб узьняць на дастатковы ўзровень праблему ня толькі афганцаў, а і іншых хлопцаў, якія ваявалі ў Афрыцы, у Віетнаме, і якія пацярпелі ня меней за нас”.
Яшчэ адзін вэтэран афганскай вайны, мастак Алесь Пушкін, пасьля вяртаньня дадому стаўся перакананым пацыфістам. І лічыць, што на той вайне шмат хто зрабіў зусім іншыя высновы. Ён адзначае, што ў прэзыдыюмах побач з ардэнаносцамі часоў другой усясьветнай усё больш маладых людзей. Але пры гэтым ніхто не задае пытаньне: чаму людзі, якія прайшлі захопніцкую вайну, былі акупантамі, зь лёгкасьцю замяшчаюць старых вэтэранаў вайны?
Сапраўды, пасьля 1989 году, калі савецкія войскі пакінулі Афганістан, шмат хто новую сытуацыю паспрабаваў выкарыстаць у карысьлівых мэтах. Пад “афганцаў” стварылі мноства фірмаў, якія паводле паправак у заканадаўстве, цягам пяці гадоў былі вызваленыя ад аплаты падаткаў. Саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане ўвогуле прыпадобніўся да палітычнага руху, а ягонае кіраўніцтва выказвае палітычную падтрымку цяперашняй уладзе.
Між тым, рэальныя людзі, якія пацярпелі ў той вайне, і праз 14 гадоў пасьля яе заканчэньня ня могуць уладкавацца на працу, ня маюць кваліфікаванай мэдычнай дапамогі. І бальшыня зь іх адчувае найбольшую крыўду ад таго, што інтэрнацыянальная дапамога аказалася бессэнсоўнай. Барыс Дубоўскі служыў у Кандагары. У 1982-м атрымаў дзьве кантузіі. Наступствы адчувае дагэтуль.
(Дубоўскі: ) “Знакаміты афганскі сындром... Хранічная раздражнёнасьць давяла да таго, што ня мог сябе кантраляваць. Можа, выглядае дзіўна, але абвастрыўся інстынкт справядлівасьці. Хацелася ўсюды ўклініцца: як фізычна, так і на ўзроўні юрыдычным. Быў час, калі “афганцаў” моцна прыціснулі, саджалі ў турмы.
Напэўна, рабілася гэта не беспадстаўна, але было крыўдна, што ніхто ня хоча разабрацца: можа гэта водгук нейкай хваробы? Бо ў любога “афганца” процьма хваробаў, асабліва на нэрвовай глебе. Я пасьля вяртаньня адаптаваўся гадоў празь пяць. Доўга лячыўся. Зараз хваробы вяртаюцца на іншым узроўні, але нікога гэта ўжо не цікавіць. Каб прапанавалі пуцёўку, то ніводнага разу не было такога, і ня чуў”.
У Беларусі каля трох тысяч вэтэранаў афганскай вайны. І менавіта гэтая катэгорыя лічыцца найбольш непрадказальнай у сваіх учынках. Мэдыкі канстатуюць, што сярод былых “афганцаў” найбольшая колькасьць суіцыдыў і псыхічных разладаў. А таму кажуць пра неабходнасьць адмысловай праграмы рэабілітацыі. Але чым далей ад тых падзеяў, тым меней іхныя галасы чутныя.