Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 ЛЮТАГА — ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ЛІТВЫ


Ганна Соусь, Менск

Да 1953 году ў Літве дзейнічаў актыўны рух супраціву савецкай уладзе, потым быў доўгі пэрыяд дысыдэнцтва, а напачатку 1990-х Літва стала адным зь першапраходцаў у барацьбе за незалежнасьць, зазначыў Ёнас Паслаўскас.

(Паслаўскас: ) “Гісторыя для кожнай нацыі, асабліва невялікай, дае ня вельмі шмат шанцаў зрабіць свой выбар ды самой вызначаць свой шлях і лёс. Я рады, што маю магчымасьць сьвяткаваць тут у Менску 85-ю гадавіну гэтага гістарычнага выбару Літвы — аднаўленьня Літоўскай дзяржавы. Літва й яе народы высока ацэньваюць нашу агульную літоўска-беларускую гісторыю, яе спадчыну, а гэтаксама духоўную блізкасьць нашых людзей. І таму абсалютна відавочна, што Літва паважае кожны выбар беларускага народу, і мы зацікаўленныя ў тым, каб па суседзтву з намі квітнелі ўзаемапаразуменьне й згода”.

Дарэчы, на ўрачыстым прыёме з нагоды дня незалежнасьці Літвы, які прайшоў у Менску, амбасадар Літвы таксама выступаў па-беларуску.

Калі напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х літоўцы імнуліся выйсьці са складу Савецкага Саюзу, у Беларусі вельмі ўважліва сачылі за гэтымі крокамі. Тады многі краіны сьвету прызналі незалежную Літву. Дыпляматычныя ж дачыненьні паміж Беларусьсю і Літвой былі ўсталяваныя толькі пры канцы 1992 году. Узгадвае тагачасны міністар замежных справаў Беларусі Пётар Краўчанка:

(Краўчанка: ) “Аднаўленьне незалежнасьці Літвы адбывалася ва ўмовах Савецкага Саюзу, таму ўзаемапрызнаньне адбылося пазьней, у 1992 годзе. Усе сачылі за тымі падзеямі. Канечне, усе хваляваліся, разумеючы, што адбываюцца неардынарныя падзеі. Па сутнасьці, Літва выйшла са складу Савецкага Саюзу пры канцы жніўня 1991 году, пасьля жнівеньскага путчу. Вось тады ўжо пачалі разьвівацца падзеі. Я думаю, што народ асэнсавана ішоў да волі й дабіўся яе значна раней за іншыя народы”.

У чым адметнасьць сёньняшніх беларуска-літоўскіх дачыненьняў? Дэпутат літоўскага Сэйму і дакладчык па Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Вацлаў Станкевіч адзначае неблагі ўзровень культурных і эканамічных дачыненьняў паміж краінамі, але гаворыць і пра пэўныя праблемы палітычнага характару.

(Станкевіч: ) “Ёсьць такі абаюдны абавязак — паважаць інтарэсы абодвух народаў. На жаль, на палітычным узроўні ў нас ня ўсё выходзіць, але я спадзяюся, што ў будучыні Беларусь будзе ісьці ў дэмакратычным кірунку разьвіцьця, і мы спаткаемся й у галоўных эўрапейскіх інстытуцыях, чаго, на жаль, цяпер няма.

Як бы там ні было, усё роўна мы разумеем, што для Літвы вельмі важная справа, каб Беларусь таксама вярнулася ў Эўропу. Мы таксама раземеем, што калі ў Беларусі ня ўсё добра, гэта ня значыць, што ў Літве вельмі добра. Мы разумеем, што павінны дапамагчы нашым сябрам зь Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG