Напярэдадні гарадзкія ўлады не дазволілі правядзеньне гэтай акцыі. Было шмат міліцыі, міліцыянты ўвесь час нагадвалі праз узмацняльнікі, што акцыя несанкцыяваная. Тым ня менш, маладафронтаўцы прайшлі да пляцоўкі каля Акадэміі навук, там адбыўся кароткі мітынг, выступіў Павал Севярынец, які сказаў, што моладзь любіць Беларусь і будзе змагацца за незалежнасьць Беларусі, пасьля чаго калёна ўжо безь сьцягоў рушыла ў адваротным кірунку.
Яны прайшлі з поўкілямэтра-кілямэтр, пасьля да калёны маладафронтаўцаў пад’ехалі міліцэйскія машыны, аўтобусы, і каля 10 чалавек былі затрыманыя, сярод іх лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і журналіст “Белорусской газеты” Вадзім Доўнар.
Старэйшыя людзі ўспрымалі акцыю па-рознаму. Некаторыя, магчыма, не разумелі, чаго хоча моладзь, але я сам бачыў, як некалькі пажылых жанчынаў, калі падышлі і даведаліся, што гэта Малады Фронт ладзіць сёньня акцыю, прызнаецца ў любові да Беларусі, абараняе яе незалежнасьць, сказалі – малайцы, хлопцы і дзяўчаты.