Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫМІНАЛІЗАЦЫЯ ГРАМАДЗТВА: ПРЫЧЫНЫ І ТЭНДЭНЦЫІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, старшыня Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту, былы супрацоўнік міліцыі Аляксандар Антанюк і журналістка Радыё “Свабода” Любоў Лунёва

(Валер Карбалевіч: ) “Апошні час у Беларусі назіраецца такая небясьпечная тэндэнцыя як рост крыміналізацыі грамадзтва. Пра гэта сьведчыць ня толькі афіцыйная статыстыка, але і рэгулярныя паведамленьні аб крымінальных здарэньнях. Зразумела, што гэтая праблема шматгранная. Яна зьвязаная і з масавым п’янствам, і наркаманіяй, і з эканамічным крызысам.

Але апошні час грамадзтва найперш хвалюе тое, што выйшла на паверхню, чаго раней у Беларусі не было. Стала небясьпечна хадзіць вечарам па вуліцах нашых гарадоў. Ахвярамі рабаўнікоў становяцца вядомыя людзі. Толькі апошнім часам адбыліся напады на Расьціслава Янкоўскага, Артура Вольскага, Адама Мальдзіса, Радзіма Гарэцкага.

Як вам бачыцца стан справаў з крыміналізацыяй грамадзтва, ростам злачыннасьці, якія тут назіраюцца асаблівасьці ў апошні час?”

(Любоў Лунёва: ) “Злачыннасьць у Беларусі расьце вялікімі тэмпамі. Прычым, гэта сусьветная тэндэнцыя. У Беларусі найбольш небясьпечна дынаміка росту цяжкіх злачынстваў: забойстваў, згвалтаваньняў, разбойных нападаў з ужываньнем агнястрэльнай зброі. Расьце статыстыка злачынстваў сярод тых сацыяльных групаў, якія раней лічыліся станоўчымі ў крымінальным сэнсе. Напрыклад, летась некалькі дзясяткаў студэнтаў трапілі за краты за разбой і забойствы. Амаль 35% забойцаў — гэта жанчыны. Самая небясьпечная зьява — рост злачыннасьці сярод падлеткаў.

З маланкавай хуткасьцю расьце наркаманія. Беларусь стала пляцдармам для распаўсюду наркотыкаў у суседнія краіны рэгіёну. У Менску найбольш распаўсюджаная наркаманія ў Заводзкім і Партызанскім раёнах. Ужо многа наркаманаў сярод школьнікаў, нават ва ўзросьце 10–15 гадоў. Можна ўявіць, якую злачыннасьць мы атрымаем празь пяць гадоў”.

(Карбалевіч: ) “Часткова гэтую тэндэнцыю можна растлумачыць аб’ектыўнымі прычынамі. Вядома, што пераходныя грамадзтвы — самыя крымінагенныя. У любым соцыюме парадак падтрымліваюць ня столькі законы, колькі агульнапрызнаныя традыцыі й маральныя нормы. Крах грамадзкага ладу разбурыў старую сыстэму сьветапоглядных каардынатаў, маральных каштоўнасьцяў. А новая пакуль ня створаная.

Акрамя таго, існуюць і сацыяльна-эканамічныя прычыны росту крыміналізацыі грамадзтва. Гэта рост беспрацоўя, праблемы эканамічнага выжываньня людзей. А на вашую думку, якія прычыны росту крыміналізацыі грамадзтва?”

(Мечыслаў Грыб: ) “Найперш хацеў бы зазначыць, што злачыннасьць — зьява такая ж старая, як і сам сьвет. Злачыннасьць — гэта адлюстраваньне сацыяльна-эканамічнага стану краіны. Яго прычынамі зьяўляюцца зьбядненьне насельніцтва, рост беспрацоўя як яўнага, так і схаванага, безнадзейнасьць і бездухоўнасьць пэўнай часткі нашага грамадзтва. Значным чыньнікам росту злачыннасьці стала п’янства як у горадзе, так і на вёсцы. Прычым, п’юць як мужчыны, так і жанчыны.

Калі казаць пра эканамічныя злачынствы, то яго прычынамі зьяўляюцца перашкоды, якія стварае дзяржава на шляху разьвіцьця прадпрымальніцтва: дазвольная сыстэма рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў і іншае. Насельніцтва добра ведае пра такую распаўсюджаную зьяву сярод чынавенства як хабарніцтва. Усё гэта ўплывае на рост злачыннасьці.

Спадарыня Лунёва ўжо казала пра рост наркаманіі. Тут справа ня толькі ў тым, што людзі ў стане наркатычнага ап’яненьня зьдзяйсьняюць злачынствы. Наркаману пастаянна патрэбныя грошы для таго, каб купіць наркотыкі. І для іх атрыманьня ён ідзе на злачынства”.

(Аляксандар Антанюк: ) “На маю думку, найбольш крымінальныя тыя грамадзтвы, дзе не пануе закон. У нас самі дзяржаўныя органы, выканаўчая вэртыкаль не выконвае закон. Сёньня многія бюракраты “кормяцца” са свайго месца. Я маю на ўвазе, што акрамя афіцыйнага заробку, яны выкарыстоўваюць сваю пасаду для атрыманьня хабару. Для таго каб займацца бізнэсам, трэба мець “дах” у выглядзе прадстаўнікоў улады. І людзі бачаць, што адным можна парушаць закон, а іншым нельга.

Я згодны з выказанай тут раней думкай, што значна ўплывае на рост злачыннасьці цяжкі эканамічны стан, зьбядненьне, беспрацоўе. Асабліва гэта датычыць моладзі, якой няма чым заняцца”.

(Карбалевіч: ) “Адным з галоўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі і асабліва яе адлюстраваньня ў дзяржаўных СМІ зьяўляецца ідэя навядзеньня парадку ў краіне. Роля сілавых стуктураў у Беларусі значна большая, чым у суседніх дзяржавах. Ім забясьпечанае прыярытэтнае фінансаваньне. Колькасьць супрацоўнікаў МУС на душу насельніцтва тут большае, чым у разьвітых краінах. Першае, што кідаецца ў вочы любому іншаземцу, які прыяжджае ў Менск, гэта вялікая колькасьць міліцыянтаў на вуліцах гораду.

Па колькасьцьі зьняволеных на душу насельніцтва Беларусь зараз займае пятае месца ў сьвеце (зусім нядаўна было трэцяе). Здавалася б, тут павінна быць усё ў парадку з барацьбой са злачыннасьцю. Тым ня менш, мы бачым, што гэта ня так. У чым прычына? Чаму неэфэктыўная праца праваахоўчых органаў у дзяржаве?”

(Лунёва: ) “На мой погляд, галоўная прычына ў тым, што ў праваахоўчых органах існуе пагоня за паказчыкамі раскрывальнасьці злачынстваў. Напрыклад, высокая раскрывальнасьць кватэрных крадзяжоў тлумачыцца тым, што часта калі арыштоўваюць кватэрнага злодзея, то сьледчы прымушае яго ўзяць на сябе яшчэ шэраг крадзяжоў, якіх ён не ўчыняў. Яму ўсё роўна адзін тэрмін зьняволеньня, а ў сьледчага павышаецца раскрывальнасьць.

Трэба адзначыць, што сама праваахоўчая сыстэма пачала крыміналізавацца. Часткова гэта тлумачыцца тым, што супрацоўнікам гэтай сыстэмы ўлада дае вялікія паўнамоцтвы.

Вы казалі, што у нас зашмат супрацоўнікаў міліцыі. Але супрацоўнікаў пракуратуры наадварот не хапае. А пракуратура павінна весьці нагляд за тым, каб і міліцыя выконвала закон. У шэрагу раёнаў, напрыклад, у Магілёўскай, Гомельскай абласьцях, у пракуратуру сталі браць студэнтаў юрфаку 4–5 курсаў.

А вулічная злачыннасьць сапраўды ўзрасла. Прывяду такі прыклад. У той дзень, калі зьбілі Радзіма Гарэцкага, зьбілі яшчэ дзевяць чалавек, якія трапілі ў шпіталі”.

(Грыб: ) “Я адпрацаваў у органах унутраных справаў больш за 30 гадоў. Таму магу параўноўваць што было раней, а што адбываецца зараз. Хацеў бы адзначыць, што нават паводле афіцыўных зьвестак, вельмі шмат парушэньняў адбываецца сярод супрацоўнікаў міліцыі. Многія зь іх прыцягнутыя да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Зразумела, што гэта вынікі агульнай арганізацыі працы ўсёй гэтай сыстэмы.

Супрацоўнікі міліцыі нясуць адказнасьць за стан справаў са злачыннасьцю ў значнай частцы, але толькі ў частцы. Але ня ўсё ад іх залежыць. Іх ставяць у вельмі складаныя ўмовы. Крытэры ацэнкі іх працы няправільныя. Колькасьць злачынстваў у тым ці іншым раёне толькі часткова залежыць ад міліцыі, як і іх раскрывальнасьць. Але гэты паказчык, пакладзены ў аснову ацэнкі дзейнасьці органаў унутраных справаў, штурхае некаторых нядобрасумленных супрацоўнікаў да фальсыфікацыяў. Злачыннасьць — зьява сацыяльна-эканамічная. І ня усё тут залежыць ад міліцыі”.

(Антанюк: ) “Праблема ў тым, што часта сыстэмная праца ў нас падмяняецца кампаніямі. Напрыклад, выдасьць Лукашэнка чарговы дэкрэт аб барацьбе з хабарніцтвам ці нейкім іншым злачынствам, і пачынаецца кампанія. Празь нейкі час органы МУС “выканаюць плян” на гэтым кірунку і супакойваюцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, акрамя аб’ектыўных чыньнікаў росту злачыннасьці, існуюць і суб’ектыўныя. Гэта дзейнасьць дзяржаўных інстытутаў. Зразумела, што барацьба са злачыннасьцю — гэта справа ня толькі праваахоўчых органаў, але і ўсіх дзяржаўных структураў, нават усяго грамадзтва. Калі ж браць толькі працу праваахоўчых органаў, то яна ня вельмі эфэктыўная.

Трэба адзначыць яшчэ адзін важны чыньнік. У прававой дзяржаве павінна быць павага да закону ня толькі з боку грамадзян, але найперш і з боку чынавенства, саміх дзяржаўных інстытутаў. Сёньня ў Беларусі мы бачым нешта зусім адваротнае. Праваы нігілізм пачынаецца з самага верху. Гэты чыньнік таксама ня можа не ўплываць адмоўным чынам на стан законнасьці, працэс крыміналізацыі грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG