Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР “POLSAT”: “НАШЫЯ ЖУРНАЛІСТЫ, ЯКІЯ ПАЕХАЛІ Ў БЕЛАРУСЬ З ТЭЛЕВІЗІЙНЫМІ КАМЭРАМІ, ІХ СТРАЦІЛІ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“POLSAT” быў адзіным польскім тэлевізійным каналам, які зьняў фільм пра асуджаных беларускіх журналістаў. Цяпер у Беларусі набліжаецца важная палітычная падзея – мясцовыя выбары, таму я запытаўся, ці будзе “POLSAT” інфармаваць сваіх гледачоў пра тое, як гэтыя выбары праходзяць. Гаворыць Багуслаў Хработа.

(Хработа: ) “Тое, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць для нас істотным з розных прычынаў. Польшча мае доўгую мяжу зь Беларусьсю, у Беларусі жыве шмат палякаў, а ў Польшчы – беларусаў. Да таго ж, шмат палякаў маюць продкаў, якія паходзяць зь Беларусі.

Што да мясцовых выбараў, дык яны могуць альбо дапамагаць дэмакратыі, альбо ёй шкодзіць, у залежнасьці ад таго, як гэтыя выбары праходзяць. Маёй задачай і задачай мэдыяў ня ёсьць рабіць высновы ў гэтай справе. Аднак мы павінны знаходзіць усе факты, якія супярэчаць нашым вартасьцям, прыкладам, парушаюць права на свабоду слова, а гэта ёсьць падстава існаваньня ў свабоднай эўрапейскай краіне. А Беларусь таксама ёсьць эўрапейскай краінай, і ўсе гэтыя вартасьці павінны шанавацца і там.

Мінулай восеньню мы паказалі, як жывуць цяпер беларускія журналісты, якія былі пакараныя за распаўсюджваньне незалежных думак. Гэта мы будзем працягваць. Аднак падкрэсьлю, што мы ня хочам ацэньваць палітычнай сытуацыі ў Беларусі, дзейнасьці Лукашэнкі, ці ўмешвацца ва ўнутраныя справы гэтай краіны. Аднак, як і ўвесь вольны сьвет, мы хочам інфармаваць пра факты парушэньняў дэмакратычных прынцыпаў, якія належаць да шэрагу вартасьцяў, якія мы шануем”.

Цягам апошняга году вядучыя тэлевізійныя каналы Польшчы толькі некалькі разоў узагадалі пра падзеі ў Беларусі. Я пацікавіўся ў спадара Хработы, чаму польскае тэлебачаньне, у адрозьненьне ад газэтаў, так мала ўвагі надае сытуацыі ў суседняй краіне:

(Хработа: ) “Беларускія ўлады не спрыяюць працы журналістаў на тэрыторыі гэтай краіны. Прыкладам, нашыя журналісты, якія паехалі ў Беларусь з тэлевізійнымі камэрамі, іх страцілі. Улады сканфіскавалі камэры, і журналісты змаглі захаваць у кішэнях толькі некалькі касэтаў. Такая палітыка беларускіх уладаў насамрэч не заахвочвае журналістаў да інфармаваньня пра жыцьцё ў Беларусі. Мне падаецца, што гэта ёсьць элемэнт палітыкі самаізаляцыі, якой афіцыйны Менск прытрымліваецца ў дачыненьнях з Эўропай. Таму беларуская тэматыка мала прысутная ў тэлебачаньні. Я б вельмі хацеў, каб гэтая блізкая нам краіна і народ значна часьцей і ў лепшым сьвеце зьяўляліся ў польскіх мэдыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG