Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“XТО АДЧУВАЕ СЯБЕ КЕПСКА Ў НЯМЕЧЧЫНЕ, МУСІЦЬ АДНОЙЧЫ НАВЕДАЦЬ БЕЛАРУСЬ”


Ул. інф.

Футбаліст Аляксандар Глеб, які гуляе за “VfB Stuttgart”, гандбаліcт Андрэй Кручаў, які працуе ў “Pfulling” і хакеіст Леанід Фацікаў, якія абараняе вароты “Bietngheim”, маюць рэдкую магчымасьць сустракацца адзін з адным. Тым ня менш, кожны зь беларускіх спартоўцаў адсочвае дасягненьні сваіх іншых землякоў. Усе трое пераканыя, што ў любы момант гатовыя прыйсьці па дапамогу адзін аднаму. Паводле Глеба, Фацікава, Курчава, кожны зь іх паехаў працаваць у Нямеччыну, каб мець магчымасьць дасягнуць найвышэйшай прафэсійнай планкі.

“Беларускаму кіраўніцтву было б прыемна пачуць такія словы, — заўважае нямецкі журналіст. — Ня так даўно вашыя прэзыдэнт і міністар спорту паставілі перад удзельнікамі беларускай зборнай на будучай алімпіядзе задачу ўзяць 25 мэдалёў”.

“Усё, што гаворыць кіраўніцтва, мусіць быць зроблена, — адказвае футбаліст Аляксандар Глеб. — Так прынята ў Беларусі”. Іншая справа, што асабіста ён, Глеб, ня ведае, як гэтага можна дасягнуць. Калі ўзяць футбалістаў, то яны ня маюць ніякіх шанцаў на мэдаль. Нацыянальная футбольная зборная далёкая ад таго, каб быць нейкім фаварытам на падобных першынствах.

Паводле гандбаліста Андрэя Курчава, 25 мэдалёў ёсьць нерэальнай лічбай. Усе самыя таленавітыя беларускія спартоўцы, як правіла, працуюць за мяжой. Асабліва прадстаўнікі камандных відаў спорту, — падкрэсьлівае хакеіст Леанід Фацікаў. Выключэньні маюцца хіба што ў індывідуальных відах. У біятлёне гэта Драчоў, а ў тэнісе — Мірны.

“Але ж чаму таленавітыя беларускія спартоўцы пакідаюць сваю Радзіму? У гэтай краіне дастаткова спартовых пляцовак і стадыёнаў... Акрамя таго, зорка, яна і ў Беларусі зорка”, — мяркуе журналіст. “Так, — адказваюць суразмоўцы, — стадыёнаў сапраўды нямала. Нядаўна на загад беларускага прэзыдэнта пабудавалі крыты футбольны манэж. Што да лядовых палацаў, то яны маюцца ў любым буйным беларускім горадзе. Сам беларускі лідэр па два-тры разы на тыдзень гуляе у хакей”.

“Магчыма, гэта пазбаўляе яго ад стрэсаў, якія могуць выклікаць надзённыя сацыяльныя праблемы ў краіне?” — мяркуе карэспандэнт.

“Тут нам цяжка што-небудзь дадаць, — гавораць спартоўцы. — Хіба што наступнае: тыя зь немцаў, якія скардзяцца на дрэннае жыцьцё, мусяць паехаць у Беларусь, хаця б на два месяцы і ўбачыць, што насамрэч ёсьць добрым, а што дрэнным.

У Беларусі большасьць людзей можа дазволіць сабе хіба што крыху ўзьняцца над жабрацтвам. Гэта ў найлепшым выпадку. Зразумела, што маладзейшыя шукаюць лепшай долі за мяжой. Калі гаварыць пра спартовых зорак, то яны ня маюць у сябе на Радзіме таго прызнаньня, якое могуць мець на Захадзе. Цяпер насельніцтву краіны не да спорту. Яно вымушанае штодня змагацца за кавалак хлеба”.

Усё трое спартоўцаў лічаць абавязкам аказваць значную матэрыяльную дапамогу сваякам у Беларусі. Маці Андрэя Глеба ўсё жыцьцё працавала мулярам на будоўлі. Бацька — кіроўцам грузавіка. Гэтыя людзі, як і бацькі Фацікава і Курчава, заслужылі права на нейкае нармальнае жыцьцё. Добра, што хоць дзеці могуць ім у гэтым дапамагчы.

Усе трое беларускіх спартоўцаў ня хочуць будаваць далёкасяжных плянаў, аднак усё ж яны жадалі б застацца ў Нямеччыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG