Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ВЫЙШЛА КНІГА ПРЭЗЫДЭНТА ТУРКМЭНІІ САПАРМУРАТА НІЯЗАВА “РУХНАМА” НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ


Ганна Соусь, Менск

На зялёнай вокладцы кнігі Сапармурата Ніязава — выява барэльефа аўтара. Напачатку кнігі побач з партрэтам пажыцьцёвага прэзыдэнта Туркмэністану зьмешчаная клятва наступнага зьместу: “У час, калі здраджу Радзіме, Сапармурату Туркмэнбашы Вялікаму, Сьвятому айцу твайму — Няхай спыніцца дыханьне маё”.

Нагадаю, што нядаўна ў Туркмэністане былі жорстка пакараныя каля 60 чалавек, некаторых асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня. Усіх іх абвінавацілі ў замаху на Ніязава. У краіне ўсталяваны жорсткі дыктатарскі рэжым, забароненая апазыцыя, няма незалежнай прэсы.

Выдала кнігу беларускае ўнітарнае прадпрыемства “Светач”. Галоўны рэдактар “Светачу” Андрэй Вірчак кажа, што гэта было ягонае душэўнае памкненьне. Ён прачытаў кнігу на расейскай мове і быў моцна ўражаны яе зьместам. Андрэй Вірчак вельмі часта бывае ў Туркмэністане, да таго ж у Ашгабаце месьціцца ягоная паліграфічная фірма “Светач-ОСТ”.

(Вірчак ) “На постсавецкай прасторы ніхто з былых і дзейных прэзыдэнтаў не стварыў нечага, што магло б замяніць былую ідэалёгію Савецкага Саюзу. Нацыя ж ня можа жыць бязь нейкага ідэалягічнага кірунку. На мой погляд туркмэнскі прэзыдэнт вельмі ўдала сканцэнтраваў нацыю на пэўныя мэты. Для Беларусі гэта зараз вельмі актуальна — пошук свайго кірунку. Туркмэны ў Сярэдняй Азіі — тое самае, што беларусы ў Эўропе. Такія ж памяркоўныя і сьціплыя”.

Паводле Андрэя Вірчака, кніга накладам 2000 асобнікаў выдавалася на сродкі ўнітарнага прадпрыемста “Светач”. Да таго ж, выданьне прафінансаваў Беларускі фонд культуры. Дарэчы, яго старшыня Ўладзімер Гілеп напісаў прадмову да “Рухнамы”, але подпісу свайго не паставіў. Не пазначаныя ў выданьні й прозьвішчы перакладчыкаў духоўнага кодэксу Туркмэнбашы.

Выявілася, што вершы Ніязава перакладаў паэт Леанід Дранько-Майсюк, прозу — пісьменьнік Анатоль Кудравец, былы міністар культуры Анатоль Бутэвіч і гарадзенскі літаратар Мікалай Сільчанка. Але выглядае, што яны ня надта імкнуліся афішаваць сваю ролю ў перакладзе твору туркмэнскага прэзыдэнта.

Дарэчы, Сапармурат Ніязаў даў асабісты дазвол на пераклад кнігі на беларускую мову. Адзін зь перакладчыкаў Анатоль Кудравец гаворыць, што працаваў над кнігай зь вялікім зацікаўленьнем.

(Кудравец: ) “Хаця яе напісаў прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў, і як быццам бы пісаў ён яе толькі для туркмэнскіх чытачоў, там ёсьць такія вельмі важныя, глыбокія думкі й высновы, якія датычацца ня толькі туркмэнскага народу, але й любога другога народу, а тым больш народу, які вырваўся з кабалы й хоча самастойную й незалежную дзяржаву”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце вы пра тое, што зараз адбываецца ў Туркмэністане?”

(Кудравец: ) “Я ведаю ў той ступені, як гэта падаецца праз расейскія СМІ. А калі гаварыць больш дакладна, то прызнаюся, што ня ведаю”.

А вось як паставіўся да выданьня на беларускай мове духоўнага кодэксу Туркмэнбашы журналіст Чары Анамурадаў, адзін з тых, хто быў вымушаны пакінуць Туркмэнію з палітычных прычынаў:

(Анамурадаў: ) “Гэта выглядае як падтрымка адзін аднаго блізкімі рэжымамі. На туркмэнскай мове кніга выдадзеная 12 верасьня 2001 году. Там напісана пра паходжаньне туркмэнаў, пра шляхі туркмэнаў, духоўны стан туркмэнаў. А галоўным чынам гэта самаўсхваленьне Ніязава. Гэтая кніга як “Майн Кампф” Гітлера. У Туркмэніі кожны, хто ўладкоўваецца на працу, павінен распавесьці пра “Рухнаму”. Пры паступленьні ў ВНУ здаюць іспыты па ёй, на працягу вучобы штодня вучаць па адной старонцы. І так пачынаючы зь дзіцячага садку, школы й да канца жыцьця. Нават пэнсіянэры вучаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG