Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛА ЧЫГІРА ПАСТАНАВІЛІ АШТРАФАВАЦЬ НА МІЛЬЁН ДАЛЯРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

7 лютага судзьдзя Натальля Варэнік з Фрунзенскага суду Менску другі раз вырашала лёс Міхаіла Чыгіра. Летась яна разглядала крымінальную справу былога прэм’ера і прызнала яго вінаватым у службовай нядбайнасьці, у выніку якой “Белаграпрамбанк” страціў 1 мільён 40 тысяч даляраў. 7 лютага яна ж задаволіла пазоў банку, які быў выстаўлены на падставе яе леташняга рашэньня.

На пачатку працэсу Міхаіл Чыгір хадайнічаў, каб справу разглядалі не ў Фрунзенскім судзе, а ў судзе Менскага раёну, на тэрыторыі якога ён пражывае, але гэтая просьба не была задаволеная. І тады ў суд экс-прэм’ер вырашыў не вяртацца.

(Чыгір: ) “Справа ў тым, што знайшлі для мяне быццам сямейнага судзьдзю — гэта судзьдзя Варэнік, якая разглядае ўсе мае справы . А вядома, што ёсьць загад зьверху і ён выконваецца”.

Далей ягоныя інтарэсы прадстаўляла жонка Юлія Чыгір. Перадусім яна заявіла, што яе муж невінаваты. Але нават калі і пагадзіцца з тым, што ў выніку ягонай нядбайнасьці “Белаграпрамбанк” страціў 1 мільён 40 тысяч даляраў, то час вылучэньня супраць яго грашовых прэтэнзіяў скончыўся, — даводзіла Юлія Чыгір. Прадстаўнік банку на гэта прад’явіў свае разьлікі, паводле якіх час адказнасьці экс-прэм’ера нібыта яшчэ ня скончыўся.

Судзьдзя Натальля Варэнік выслухала гэтыя і іншыя аргумэнты бакоў і ўжо празь дзьве гадзіны зачытала сваё рашэньне. Паводле яго, пазоў банку да Міхаіла Чыгіра задаволены цалкам, толькі што даляры пераведзеныя ў беларускія рублі. У выніку зь Міхаіла Чыгіра вырашана спаганаць 2 мільярды 35 мільёнаў беларускіх рублёў.

Нагадаем, гэта ўжо трэці судовы працэс, праз які прайшоў былы прэм’ер. Грашовае спагнаньне далучылася да ўмоўнага пакараньня абмежаваньнем волі на тры гады і забароны займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў. Сюды трэба дадаць сем гадоў турмы малодшаму сыну Міхаіла Чыгіра Аляксандру і два ўмоўныя гады зьняволеньня жонцы Юліі.

“Вось чаго мне каштавала тое, што ў 1996 годзе я пайшоў у адстаўку, не пагадзіўшыся з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, а потым далучыўся да апазыцыі”, — заявіў радыё Свабода Міхаіл Чыгір.

Прадстаўнік “Белаграпрамбанку” адмовіўся камэнтаваць рашэньне суду. Ён толькі пацьвердзіў, што гэткім рашэньнем задаволены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG