Зь лютага 9 студэнтак другога курсу лячэбнага факультэту афіцыйна лічацца групай зь беларускай мовай навучаньня. Прарэктар унівэрсытэту па навучальнай і выхаваўчай працы Ўладзімер Манулік сьцьвярджае, што ініцыятыву студэнтаў задаволілі адразу ж пасьля таго, як да яе далучылася дастатковая колькасьць навучэнцаў. Ён нават выказаў неразуменьне, чаму студэнты падалі заяўку не ў пачатку, а толькі ў сярэдзіне навучальнага году. Гаворыць спадар Манулік:
(Манулік: ) “Ёсьць недахопы на ўзроўні навучальнай літаратуры. А калі казаць пра выкладчыкаў, я ўпэўнены, што на кожнай катэдры знойдуцца выкладчыкі, якія змогуць выкладаць на беларускай мове”.
Студэнты, са свайго боку, сьцьвярджаюць, што іх змаганьне за права вучыцца па-беларуску доўжылася больш як год. Гутару з другакурсьніцай Вольгай Базык:
(Базык: ) “Нам было крыху непрыемна, калі мы ў верасьні прыйшлі і даведаліся, што справа гэтая амаль закрыта, і ніхто гэтым нічым не займаўся, і так гэта ўсё заглохла”.
Студэнткі ўсьцешаныя, што цяпер іх высілкі далі плён, але паўнавартаснай беларускамоўнай адукацыяй яны сваю вучобу пакуль ня лічаць: па-беларуску ў іх вядуцца толькі практычныя заняткі. Працягвае стараста групы Настасься Карцель:
(Карцель: ) “Па-першае, лекцыі даводзіцца заўсёды слухаць на расейскай мове, таму што мы ж не адзіны гурт, а цэлая плынь, і ўсім чытаюць на расейскай мове… Літаратура — гэта самае “хворае” пытаньне. Мы пазнаходзілі нейкія слоўнічкі: адзін слоўнік у 1993 годзе выдадзены…”
(Базык: ) “У асноўным тэрміналёгія там напісаная на тарашкевіцы, якой зараз, канечне ж, ня прымуць, і падручнікаў такіх, канечне ж, ня будзе. У некаторых выкладчыкаў ёсьць задумы, яны хацелі б скласьці свае падручнікі, але яны ня змогуць выкарыстаць гэтую тэрміналёгію”.
Уся беларускамоўная літаратура, даступная сёньняшнім студэнтам-мэдыкам, засталася ім у спадчыну ад папярэднікаў: у сярэдзіне 1990-х дзьве групы навучэнцаў унівэрсытэту пасьпелі адвучыцца па-беларуску зь першага па шосты курс.
Сёньня ва ўнівэрсытэце таксама існуе ўжо дзьве беларускамоўныя групы студэнтаў: зь першага сэмэстру на родную мову перайшла частка другакурсьнікаў мэдыка-прафіляктычнага факультэту. А з наступнага году, паводле прарэктара У.Мануліка, усім абітурыентам унівэрсытэту будзе прапанавана запоўніць адмысловую анкету й выказаць свае паджаданьні адносна мовы навучаньня.