Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭСАВЫ САКРАТАР ПРЭЗЫДЭНТА РАСЕІ ПАМЫЛІЎСЯ: МІГРАЦЫЙНЫЯ КАРТКІ БЕЛАРУСАМ НЕ СПАТРЭБЯЦЦА


Ігар Карней, Менск

Прадстаўніца фэдэральнай міграцыйнай службы МУС Расеі Ірына Алуева наступным чынам пракамэнтавала выказваньні прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Аляксея Громава, якія ён зрабіў у часе пашыранага паседжаньня калегіі міністэрства ўнутраных справаў 6 лютага.

(Алуева: ) “Cкажам так: сказаў тое, пра што нічога ня ведаў. Ягоная інфармацыя не адпавядае рэальнасьці. Як была ўстаноўка не патрабаваць ад грамадзянаў Беларусі запаўненьня картак, так яна і засталася. Громаў проста ня вельмі валодаў сытуацыяй, а атрымаўся скандал. Адразу ж пасьля ягонага паведамленьня пайшлі тэлефанаваньні, і мы мусілі тэрмінова, позна ўвечары, разаслаць па ўсіх інфарацыйных агенцыях заяву начальніка фэдэральнай міграцыйнай службы. Бо Громаў, замест таго каб сказаць журналістам, маўляў, ня ведаю сутнасьці пытаньня, вырашыў адказаць: “Так”.

Такім чынам, беларускія грамадзяне — адзіныя іншаземцы, якім ня трэба запаўняць міграцыйныя карткі ня мяжы з Расеяй. Праўда, кіраўнік міграцыйнай службы Андрэй Чарненка, які 6 сьнежня абвесьціў гэтае рашэньне, называе беларусаў выключна грамадзянамі саюзнай дзяржавы, а Беларусь — заходнім фарпостам, дзе госьці з трэціх краінаў павінныя атрымаць ужо згаданыя міграцыйныя карткі. Усяго такіх пунктаў на беларускіх межах больш за паўсотні.

Паводле прадстаўнікоў расейскага міграцыйнага ведамства, у беларусаў нарэшце зьявяцца прававыя прэфэрэнцыі, дзякуючы якім найбольш кваліфікаваныя адмыслоўцы здолеюць пацясьніць на рынку непрафэсійную працоўную масу ў Расеі. А як самі беларусы рэагуюць на падобныя выказваньні? Сяргей Сакалоўскі, журналіст зь Менску, яшчэ два гады таму ўладкаваўся прэсавым сакратаром у адну з будаўнічых фірмаў Масквы. Каб не было праблемаў зь міліцыяй, кожныя тры месяцы працягвае тэрмін рэгістрацыі.

(Сакалоўскі: ) “Наколькі я ведаю, зьбіраюцца прымаць палажэньне непасрэдна наконт беларусаў. Але гэта справа ня блізкага часу. Мяркую, паслабленьні для беларусаў будуць, але наўрад ці гэта будзе тычыцца Масквы ці Санкт-Пецярбургу. У вялікіх гарадах, мяркую, усё застанецца па-ранейшаму. А вось на астатняй частцы Расеі будзе лягчэй.

Пакуль што сытуацыя такая: калі я тут працую, без рэгістрацыі мяне можа затрымаць кожны міліцыянт. Таму ёсьць адмысловая картка, якая сьведчыць: за мяне, беларуса, заручаецца працадаўца. Што тычыцца наогул знаходжанья ў Расеі, то да трох дзён дакумэнтам можа быць звычайны квіток. Калі больш — могуць узьнікнуць праблемы, але і яны вырашаюцца паўсотняй рублёў”.

Прадстаўнікі сілавых ведамстваў Расеі кажуць, што ўсіх, каго затрымаюць безь міграцыйных картак пасьля 15 лютага, будуць штрафаваць альбо дэпартаваць з краіны. Але беларусаў гэтыя пагрозы ня тычацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG