Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКУЮ ДЗЯРЖАВУ МОЖА ВЫРАТАВАЦЬ ЗАКОННЫ ЎРАД БНР”


Валянцін Жданко, Менск

У многіх лістах апошніх тыдняў згадваецца тэма маючых адбыцца ў сакавіку мясцовых выбараў. Аўтары большасьці допісаў не ўскладаюць на гэтыя выбары вялікіх спадзяваньняў. Найчасьцей гучаць пэсымістычныя ацэнкі ды прагнозы — падобныя да тых, якімі падзялілася нашая сталая слухачка Тацяна Барэль з Асіповічаў:

“Выбары ў мясцовыя саветы нагадваюць мне бутафорскі яблык, які зноў прапануюць зьесьці так званай апазыцыі, — піша спадарыня Барэль. — Божа, ну няўжо не наеліся тым яблыкам на выбарах прэзыдэнта? Хіба можна пры цяперашняй уладзе і такім заканадаўстве некага выбіраць?

“Мы былі і будзем”, — упэўнена сказаў мне адзін з чыноўнікаў райвыканкаму, калі з усьмешкай прымаў падпісныя лісты за Зянона Пазьняка. Ён мае рацыю, бо ўжо адно датэрміновае галасаваньне дае столькі шанцаў для мухляжу і атрыманьня патрэбнага выніку, што ніякім дэмакратам і ня сьнілася.

А сытуацыя крытычная, блізкая да той, пра якую напісана ў Бібліі: хутка нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць. Мы зараз з касьмічнай хуткасьцю пазбаўляемся сродкаў вытворчасьці. А калі ўступім у саюз з больш багатай краінай, дзе будзе дзейнічаць закон куплі-продажу зямлі, то можам пазбавіцца і самага дарагога ў жыцьці — расейскія алігархі гэта зробяць.

Таму я прапаную запрасіць у Беларусь законны ўрад БНР і даверыць яму выратаваньне нашай дзяржавы. Ці нехта бачыць яшчэ іншы шлях?” — пытаецца Тацяна Барэль з Асіповічаў.

Вашая прапанова, спадарыня Барэль, адразу спараджае шмат пытаньняў. Хто запросіць у Беларусь урад БНР? Хто прызнае ягоныя паўнамоцтвы? Хто дазволіць яму працаваць?

Колькі б схемаў зьмены ўлады ні прыдумлялі, усё роўна праблема будзе зьведзеная да выбараў — свабодных, справядлівых, дэмакратычных. Самі беларусы (прынамсі, палітычна актыўная частка грамадзтва) павінны дамагчыся, каб такія выбары ў краіне ўрэшце сталі магчымыя. Ніхто іншы за беларусаў гэта зрабіць ня здольны.

Крыху надуманымі выглядаюць вашыя страхі з тае нагоды, што пасьля таго, як стане магчыма купляць і прадаваць зямлю, сюды прыйдуць расейскія алігархі і ўсё скупяць. Адметна, што якраз гэтымі аргумэнтамі абгрунтоўваў сваю пазыцыю Аляксандар Лукашэнка, калі ў 1996 годзе выносіў гэтае пытаньне на рэфэрэндум і дамогся, каб купля-продаж зямлі ў Беларусі не былі дазволеныя.

Цікава, ці адчуваеце вы сябе ўласьніцай цяпер, калі зямля належыць калгасам, саўгасам, дзяржаве — нібыта ўсяму народу, а на справе нікому. На маю думку, куды важней, каб гэта зямля забясьпечвала годнае жыцьцё тым, хто на ёй працуе. Ва ўсім сьвеце гэта ўжо даўно зразумелі йня лічаць продажам радзімы тое, што ўчасткі ў Амэрыцы купляюць, да прыкладу, японцы, а ў Францыі — немцы.

У лісьце Віктара Кавешнікава зь Менску таксама гучыць упэўненасьць у тым, што дэмакратыю беларусам павінны забясьпечыць краіны Захаду. Слухач піша:

“Склалася парадаксальная сытуацыя: Ірак далёка ад Эўропы, але, тым ня менш, Злучаныя Штаты рашуча ўзяліся за тамтэйшага дыктатара; а ў Беларусі, якая мяжуе з НАТО і Эўразьвязам, канца Лукашэнкавай дыктатуры ня бачна. Прычына вядомая: Беларусь аддадзеная ў зону ўплыву Расеі. Паспрыяла гэтаму і частка беларускай апазыцыі — сваімі кантактамі з маскоўскім кіраўніцтвам, якое занятае актыўнай рэстаўрацыяй савецкага таталітарнага рэжыму.

Але сытуацыя з Іракам дае добры шанец нашым нацыянальна-дэмакратычным сілам зьвярнуцца па дапамогу да ЗША — самай магутнай дэмакратыі на сьвеце. А дзеля гэтага трэба безумоўна і адкрыта падтрымаць раззбраеньне Садама Хусэйна. Гэтая маральная падтрымка пакажа, што дэмакратычная Беларусь — гэта зусім не Расея, якая сябруе з Іракам, што беларуская дыктатура — гэта штучны рэжым, які ўтрымлівае Масква. І што ніводзін чалавек ня выйдзе на абарону марыянэткавага рэжыму, калі Захад наважыцца яго зьвергнуць — бо кожны ў Беларусі пакутуе ад дыктатуры.

А можна і пакінуць 10-мільённы этнас сам-насам з азіяцкай імпэрыяй. Але ў такім разе цывілізаванаму сьвету будзе заўсёды пагражаць стратэгічны антызаходні пляцдарм”, — лічыць Віктар Кавешнікаў зь Менску.

Крыху бянтэжыць, спадар Кавешнікаў, вашая перакананасьць у тым, што беларускія справы цалкам залежаць ад Расеі і Захаду. Безумоўна, іхны ўплыў значны (а часта і вызначальны), але найперш ад саміх беларусаў залежыць, якім будзе заўтрашні дзень беларускай дзяржавы, ці застанецца яна ў цяперашняй ізаляцыі, ці будуць людзі й надалей цярпець прыніжальны стан несвабоды. Немагчыма спадзявацца і чакаць, што заўтра нейкая зьнешняя сіла прынясе беларусам (бязь іхных уласных намаганьняў) дэмакратыю, свабоду і гатовасьць далучыцца да аб’яднанай Эўропы.

Міхаіл Першукевіч з Гомеля піша:

“Часам бывае цяжка пачуць ваша радыё. Два-тры дні чуваць добра, а потым два-тры дні зусім не чуваць, толькі шум, трэск ды піск. І ўспамінаюцца тыя недалёкія камуністычныя часы, калі ўсе перадачы Свабоды, што гучалі па-беларуску, па-ўкраінску ды па-расейску, глушыліся. Можа, і цяпер паступаюць падобным чынам, бо апаратура з тых часоў напэўна ж захавалася.

Да тых сталінскіх часоў мы вяртаемся ня толькі ў тым, што датычыць стаўленьня да Свабоды. На жаль, даўно ўжо ідзем не па той дарозе. І невядома, куды яна нас прывядзе. А як бы хацелася зьвярнуць на дэмакратычны шлях.

Я даўно слухаю Свабоду. У брэжнеўскі час у нас добра было чуваць перадачы на польскай мове. І хто хоць крыху разумеў па-польску, мог пачуць праўдзівае слова”.

Скаргі на тое, што Беларускую Свабоду кепска чуваць, мы атрымліваем вельмі часта. Многія, як і Міхаіл Першукевіч, падазраюць, што старыя савецкія “глушылкі” ў Беларусі зноў пачалі працаваць. Але дакладнай інфармацыі, якая б пацьвярджала гэтыя здагадкі, мы ня маем. А вось над тым, каб узмацніць радыёсыгнал і зрабіць усё залежнае ад нас, каб вы слухалі беларускую Свабоду безь перашкодаў, мы працуем.

Анатоль Жэрдзеў з Гомеля адклікнуўся на маю завочную спрэчку з Аляксеем Плескацэвічам зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну. У аглядзе лістоў 20 сьнежня я цытаваў допіс, у якім спадар Плескацэвіч абараняў калгасны лад і прапаноўваў паслаць апазыцыю на аднаўленьне занядбаных калгасных вёсак. Спадар Жэрдзеў лічыць, што маіх аргумэнтаў у спрэчцы з прыхільнікам калгасаў было недастаткова. Слухач піша:

“Трэба было сказаць пра тое, што калгасна-бязгасная сыстэма дазваляе ўладным злачынцам сьпісваць на страты мільёны тон сельгаспрадукцыі й мільярды рублёў датацыяў, вялікую колькасьць паліва падчас сяўбы ды жніва. Ад гэтай сыстэмы сілкуюцца і алькашы, што прадаюць мех збожжа за бутэльку самагону, мэханізатары, што абрабляюць свае (і ня толькі свае) агароды бязгаснай тэхнікай…

Але разбуральнае спрытнярства — не галоўны козыр калгаснай сыстэмы. Галоўнае палягае ў так званай “калгаснай дэмакратыі”, пры якой галоўны “дэмакрат” загадзя сам вырашае, што будзе прынята на калгасным сходзе. Гэта — галоўная рэзэрва рэжыму ва ўсіх рэфэрэндумах і галасаваньнях. Такую сыстэму ўсталёўваюць сёньня і на прамысловых прадпрыемствах, падмяўшы пад сябе прафсаюзы. Без такой сыстэмы гэтая ўлада не змагла б доўга трымацца. Невыпадкова, што галоўным ворагам рэжыму абвешчаныя так званыя “вашывыя блохі” — прадпрымальнікі, прыватныя гаспадары, якія скінулі калгасна-таталітарную пятлю і не жадаюць скакаць пад дудку палітыканаў”, — напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

У сваім адказе Аляксею Плескацэвічу я казаў пра тое, што на пачатку 1990-х гадоў, да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і ў першыя гады ягонага кіраваньня, было вельмі шмат ахвотных узяць зямлю, стаць фэрмэрамі... Але ад дзяржавы яны, за рэдкім выключэньнем, не дачакаліся ні крэдытаў, ні тэхнікі. Зямлю ім давалі, як правіла, занядбаную — пясок ці балота...

Адначасова сотні мільёнаў даляраў штогод накіроўваліся на падтрымку неэфэктыўнай калгаснай сыстэмы.

Так, спадар Жэрдзеў, калгасная сыстэма вельмі зручная для таталітарнай улады — яна дазваляе чыноўніку маніпуляваць вяскоўцамі, трымаць іх у поўнай залежнасьці і адначасова мець шчодрую крыніцу для рознага кшталту злоўжываньняў. Але ўтрымліваць гэтую зручную для сябе сыстэму рэжым ужо ня ў стане, і менавіта з прычынаў эканамічных. І сёньня, калі калгасы на вачах распадаюцца, калі ў іх няма ні грошай, ні тэхнікі, улада ўжо гатовая раздаваць зямлю. Але час безнадзейна страчаны.

Шмат цікавых заўвагаў і прапаноў даслаў наш шматгадовы слухач з Баранавічаў Сымон Булыга. Ён, у прыватнасьці, просіць зьвярнуць увагу на такія тэмы:

“Людзі павінны ведаць, колькі каштуе нам утрыманьне так званага прэзыдэнта і ягонай “вэртыкалі”. Як гэта ведаюць пра сваіх кіраўнікоў жыхары ЗША ці Францыі. Мы павінны ведаць, як жыве атачэньне “бацькі”. Вось тады, параўноўваючы траты, людзі задумаюцца.

Ходзяць розныя плёткі, што Лукашэнка разьвёўся, другі раз ажаніўся... Дзе праўда, дзе хлусьня — людзі ня ведаюць. Вельмі цікава было б паслухаць настаўніцу Лукашэнкі, якая вучыла яго роднай мове. Паслухаць тых, хто вучыўся зь ім. І даведацца — калі ён так люта ўзьненавідзеў родную мову.

А рабаўніцтвы і забойствы, якія сталі нормай нашага жыцьця? Вы распавялі толькі пра тое, што ў Менску пабілі акадэміка Гарэцкага. А колькі ўсяго было пабіта і забіта людзей за гэтую ноч? Рост злачыннасьці ў Беларусі такі, што ў многіх выпадках улады ўжо не кантралююць сытуацыю. У вас павінен быць глыбокі аналіз узаемасувязі паміж беспрацоўем, злачыннасьцю, удушэньнем прадпрымальнікаў...” —напісаў Сымон Булыга з Баранавічаў.

Дзякуй, спадар Булыга, за вельмі слушныя заўвагі й пажаданьні. Многія з прапанаваных вамі тэмаў мы спрабавалі закранаць у сваіх перадачах — магчыма, не заўсёды глыбока і ўсебакова. На жаль, знайсьці адказы на многія вашы пытаньні ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці надзвычай складана. Гэта датычыць, у прыватнасьці, кошту ўтрыманьня Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня, сямейнага становішча кіраўніка дзяржавы... Гэтая і падобная інфармацыя ў Беларусі ўладамі ўсяляк хаваецца ад грамадзкасьці.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Калтуноў, Міхась Южык і Мікола Стоцік зь Менску, Канстанцін Брыксевіч зь Берасьця, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Аляксей Балабашкін з Наваполацку, Віктар Баранаў з Рагачова, Генадзь Воўк зь Віцебску, Алесь Шустоўскі з Барысава, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну і Віктар Туравец з францускага Ліёна.

Дзякуй ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG