Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРТАНЬНЕ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

У артыкуле, зьмешчаным на інтэрнэт-старонцы Люблінскага інстытуту, гаворыцца, што ў прынцыпе тэрмін “расейскамоўная меншасьць” не адпавядае сытуацыі ў Беларусі, бо большасьць жыхароў краіны карыстаецца расейскай мовай. Прычым зрабілася так, гаворыцца ў дасьледаваньні, толькі на пачатку 1980-х гадоў.

Сярод прычынаў наступу расейскай мовы ў Беларусі – наплыў у краіну ў 1940-50-я гады адстаўных вайскоўцаў, настаўнікаў і рабочых расейскай нацыянальнасьці, якія ўвогуле не вывучалі беларускай мовы, а таксама адбудова ў Беларусі вышэйшых навучальных установаў.

Так, менавіта ўзамен на пасьляваенную адбудову пры дапамозе Савецкага Саюзу сваіх інстытутаў і ўнівэрсітэтаў Беларусь, паводле люблінскіх навукоўцаў, заплаціла пераходам гэтых навучальных установаў на расескую мову.

У артыкуле падаюцца лічбы, якія сьведчаць пра тое, што за 30 гадоў, ад 1959 да 1989, колькасьць расейцаў у Беларусі падвоілася, у той час як саміх беларусаў пабольшала толькі на 20%.

“Акрамя этнічных расейцаў, расейскай мовай у Беларусі карыстаюцца таксама ўкраінцы, татары і габрэі, аднак у апошнія гады ў краіне назіраецца заўважнае вяртаньне да ўжываньня беларускай мовы. У Менскай, Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях нават 10% этнічных расейцаў лічаць сваёй роднай мовай менавіта беларускую”, – гаворыцца ў артыкуле “Разуменьне тэрміну “расейскамоўная меншасьць” у Беларусі”, які быў распаўсюджаны напярэдадні люблінскім Інстытутам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Як гэта ня дзіўна, але нэгатыўны ўплыў дзяржаўнай палітыкі, якую ўлады Беларусі ажыцьцяўляюць адносна беларускай мовы цягам апошніх 7-8 гадоў, на стан, у якім мова апынулася цяпер, у дасьледаваньні не разглядаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG